Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абаронцы Курапатаў: Дыялёг з уласьнікам «Поедем поедим» і чыноўнікамі — толькі пасьля спыненьня працы рэстарацыі 


Курапацкая вахта пад сьцягамі Беларусі, Эўразьвязу і ЗША
Курапацкая вахта пад сьцягамі Беларусі, Эўразьвязу і ЗША

Па выніках круглага стала з удзелам кіраўнікоў апазыцыйных палітычных партый і актывістаў прынятая рэзалюцыя, якая дэкляруе агульнасьць падыходаў да дзейнасьці забаўляльнай установы «Поедем поедим» у непасрэднай блізкасьці ад Курапатаў.

Як расказаў Свабодзе адзін з удзельнікаў паседжаньня, старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, за рэзалюцыю прагаласавалі 18 чалавек, адзін устрымаўся. Дакумэнт зьмяшчае тры пункты.

  • Абаронцы Курапатаў гатовыя размаўляць з уласьнікамі рэстарацыі «Поедем поедим» і прадстаўнікамі дзяржаўных органаў — пры ўмове спыненьня працы ўстановы.
  • На момант перамоваў за кратамі не павінна заставацца абаронцаў, якія нясуць штодзённыя вахты пры ўезьдзе на тэрыторыю рэстарацыі.
  • Удзельнікі круглага стала выступілі супраць бальшавізма, нацызма, антысэмітызма, патрабуючы публічнага на дзяржаўным узроўні асуджэньня гэтых злачынных ідэалёгій, і настойваюць на шырокім грамадзкім абмеркаваньні далейшай лёсу мэмарыялізацыі Курапатаў.

Апроч партыйных лідэраў і актывістаў курапацкага супраціву, у працы круглага стала таксама бралі ўдзел дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім і Ганна Канапацкая.

Паводле Рыгора Кастусёва, вызначана, што разам з сузаснавальнікам Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Паўлам Севярынцам яны будуць наладжваць перамовы з суўладальнікам рэстарацыі Леанідам Зайдэсам. Дата перамоваў пакуль нявызначаная.

Польская дэлегацыя ў Курапатах
Польская дэлегацыя ў Курапатах

Як нагадаў Кастусёў, першапачаткова акрэсьліць свае пазыцыі бакі зьбіраліся 29 чэрвеня. У той дзень на адкрыцьцё мэмарыялу на месцы канцлягеру ў Трасьцянцы зьехаліся прэзыдэнты Аўстрыі і Нямеччыны, шэраг урадавых дэлегацый. Актывісты разьлічвалі, што яны таксама наведаюць і Курапаты, таму папрасілі бізнэсоўца сустрэцца напярэдадні. Гэта не задаволіла Леаніда Зайдэса, у якога былі ўласныя пляны. У выніку перамовы не адбыліся, а да мэмарыялу даехала толькі польская дэлегацыя.

Адразу ж пасьля ад’езду эўрапейскіх чыноўнікаў пачаліся масавыя затрыманьні актывістаў — за круглы стол папросту не было каго сабраць. Пачакаць пагадзіўся і сам уладальнік забаўляльнай установы: дамовіліся, што перамовы пройдуць, як усе абаронцы Курапатаў выйдуць на волю.

Што важна ведаць аб пратэстах супраць новай рэстарацыі ў Курапатах

  • Рэстаран стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
  • 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
  • Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы яго закрыцьця.
  • 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
  • Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
  • 27 чэрвеня наведніцы рэстарацыі на аўтамабілі зьбілі актывіста Леаніда Кулакова, у яго пералом рукі.
  • Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі.
  • Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.
Усталяваньне крыжоў ва ўрочышчы
Усталяваньне крыжоў ва ўрочышчы

​Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG