Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Слава Ўкраіне!» — «Харватам слава!»


Харвацкая футбольная перамога ў паўфінале футбольнага чэмпіянату сьвету дадала жару ў нашы адвечныя нацыянальныя самарэфлексіі. «Слава Ўкраіне!» — «Харватам слава!» — нясецца ў фэйсбуку спокліч, які выяўляе сутнасьць праўдзівага — не бязроднага і не рускамірскага — інтэрнацыяналізму. Як той казаў, нацыяналісты розных нацыяў заўсёды паразумеюцца паміж сабой.

Хто ня ведае, пасьля папярэдняй перамогі над зборнай Расеі харват Віда гукнуў «Слава Ўкраіне!», за што атрымаў мора сымпатыі заўзятараў і папярэджаньне ФІФА, маўляў, спорт па-за палітыкай. А «Слава Ўкраіне!» — палітыка хіба што ў вельмі вузкім, я б сказаў, карупцыйным прачытаньні…

У фінал чэмпіянату сьвету па футболе выйшла зборная Харватыі. Беларусы таксама сьвяткуюць

«Нацыянальнае перамагло мультыкультурнае», — гэта ўжо пра перамогу харватаў над Англіяй. Я з высновай і пагаджаюся, і не пагаджаюся, бо пад ёю — сама сутнасьць беларускага лёсу.

Сіла і слабасьць беларускага нацыяналізму, якая робіць яго адрозным ад нацыяналізму суседзяў, у ягоным мультыкультуралізме. І гэта не аксюмаран. Так было спрадвеку. Таму спокліч «Слава Ўкраіне!» — «Харватам слава!» блізкі беларускаму сэрцу.

Калі латыш Кнорын і армянін Мясьнікоў, узначаліўшы бальшавіцкую Беларусь, пры тым адмаўлялі Беларусі ў праве на дзяржаўнасьць, а беларусам — у праве быць нацыяй, яны гэтага якраз і не зразумелі — таго, што ў нас і тутэйшы кітаец — беларус (у Зьмітрака Бядулі ёсьць такі пэрсанаж, які з гонарам кажа: «я беларуза»).

Калі іншыя імкнуліся да нацыянальнай стэрыльнасьці, дык у нас усё было наадварот — прыналежнасьць да Беларусі яднала ўсіх. Вельмі цяжка іншародцу «да канца» натуралізавацца сярод чэхаў, напрыклад, ці літоўцаў — усё адно будзеш вытыркацца ў аднароднай стыхіі. Нават у самой Беларусі было, бадай, немагчыма растварыцца ў закрытых супольнасьцях габрэяў ці тых жа літоўцаў у Гервяцкім анкляве. Сярод беларусаў — без праблем. І невядома які магніт мацнейшы — той, што на адкрытасьць, ці той, што на закрытасьць. Урэшце скончылася тым, што ў незалежнай Беларусі вуліцы Мясьнікова і Кнорына напісаныя на ўказальніках па-беларуску.

А пачалося ўсё яшчэ ў часы Вітаўта, які сустрэў татарскае войска ня з войскам, а з прапановай. Чаго прыйшлі? Вам тут падабаецца? Дык нашто біцца. Сяліцеся, жывіце. І габрэям тое самае — сяліцеся. І ўсім іншым, хто хацеў — жывіце. І магніт спрацоўваў. Не было большых патрыётаў гэтай зямлі за татараў, а іхныя нашчадкі сталі на першых месцах у нашаніўскую пару і ў часы БНР. І пасьля — аж чатыры дзяржаўныя мовы ў раньняй БССР...

Увесь наступ русіфікацыі ад пачатку вёўся і вядзецца як вайна з монабеларусамі. Здавалася б пры такім прэсінгу ўжо даўно і сьледу не было б ад нас і нашае мовы. Аж не, мультыбеларусы трывалі і трываюць. І ў адказ на футбольную перамогу Харватыі над Англіяй радасна гукаюць «Слава Ўкраіне!» — «Харватам слава!». Русіфікатарам Кнорыну зь Мясьніковым гэтага не зразумець.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG