Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьміцер Галко ў судзе
Зьміцер Галко ў судзе

У Менску судзяць журналіста Галко. ЖЫВЫ БЛОГ

Зьмітра Галко абвінавачваюць у гвалце супраць міліцыянта, яму пагражае да 6 гадоў зьняволеньня. Галко не прызнае віны — казаў, што толькі трымаў міліцыянта за руку.

У судзе Савецкага раёну Менску 10 ліпеня пачаўся суд над журналістам і блогерам Зьмітром Галко. Перад судом яго з Жодзінскай турмы № 8, дзе ён адбыў каля двух месяцаў, перавялі ў Менскі сьледчы ізалятар № 1, што на вуліцы Валадарскага.

Інцыдэнт адбыўся ў лістападзе 2017 году ў менскай кватэры, дзе Зьміцер Галко жыў з сынам Янам. Падчас сьвяткаваньня дня народзінаў сына нехта з суседзяў выклікаў міліцыю з прычыны шуму. Зьміцер адчыніў дзьверы. Пасьля гэтага, паводле вэрсіі сьледзтва, у яго здарыўся канфлікт зь міліцыянтам, быў разьбіты мабільны тэлефон супрацоўніка ўнутраных органаў. Галко на гэта казаў, што толькі трымаў міліцыянта за руку. Пасьля інцыдэнту Зьміцер і Ян зьехалі ва Ўкраіну. 22 красавіка, падчас вяртаньня ў Менск, Зьміцер Галко быў затрыманы на беларуска-ўкраінскай мяжы і ад таго часу знаходзіцца пад вартай. Галко не прызнае віны (ён ужо адбыў пакараньне за той інцыдэнт як за «дробнае хуліганства»), яго бароніць адвакатка Натальля Мацкевіч.

Былая жонка Зьмітра Галко: Калі б Дзіма не пісаў праўду пра той вечар у сацыяльных сетках, справы б не было

Апошняй у першы дзень суду над блогерам Зьмітром Галко суд дапытаў былую жонку журналіста Вольгу Краўчук.

Пра дзень народзінаў Яна Галко

Вольга Краўчук — маці іх агульнага з Галко сына Яна-Хрысьціяна. Вольга сказала, што сын запрасіў сяброў на дзень народзінаў, каб пазнаёміць іх з татам — вядомым журналістам, які шмат дзе пабываў і мог цікава пра гэта распавесьці. Вольга пакінула сыну квіткі ў цір, хацела, каб пасьля сустрэчы ўсе добра адпачылі, каб вечар запомніўся.

Сьведкам самога здарэньня ў кватэры на вуліцы Мележа Вольга не была. Прыехала яна пасьля 9 вечара пасьля званка суседкі.

«Там быў разгром. Зламаная палічка для абутку, зламаныя дзьверцы шафы. У мяне склалася ўражаньне, што там быў вобшук. Чаму?»

Пра алькаголь на сьвяце

Вольга не ўжывае алькаголь. Яна з жалем апавяла, што сын быў у той вечар нападпітку. «Дапамагала яму ісьці дамоў».

Пра былога мужа

Сказала, што Зьміцер Галко вельмі прыстойны чалавек, што ён пацярпеў за праўду.

«Ён ня проста журналіст, а публіцыст. Усё прапускае празь сябе, піша ад сэрца».

Яна ня верыць, што Зьміцер лаяўся матам на міліцыянтаў, хоць ён прызнаўся ў гэтым на адміністрацыйным працэсе. «Мяркую, гэтага не было, бо ён гэтага ніколі ня робіць. А для некаторых міліцыянтаў калі чалавек размаўляе па-беларуску, дык ужо брыдкасловіць».

Сьведкі-міліцыянты на судзе казалі, што Зьміцер Галко шмат разоў абражаў іх нецэнзурнымі словамі.

Таго, што карані гэтага суду ляжаць у папярэдняй адміністрацыйнай справе, Вольга не выключае.

«Яму нібыта за брыдкаслоўе далі штраф 40 рублёў, я думала — гэта ад іх ласкаа, а выйшла вось як. Завялі потым і крымінальную справу. Калі б Зьміцер не пісаў у сацыялках праўду пра гэтых міліцыянтаў, нічога б не было», — мяркуе Вольга.

Пра суседзяў

Вольга Краўчук ня верыць у вэрсію, што нарад міліцыі выклікалі суседзі, якім нібыта перашкаджаў шум з кватэры.

«Ян 8 гадоў займаўся на фартэпіяна, і ніхто на шум ня скардзіўся. У гэтым доме моцныя сьцены, унізе пад намі службовыя памяшканьні — ніхто ня мог скардзіцца».

Пра АМАП

З расповедаў сяброў яе сына Вольга Краўчук мяркуе, што ў кватэру для затрыманьня яе былога мужа быў выкліканы АМАП. «Было тры машыны». (Сьведкі-міліцыянты гэта абвяргаюць, кажуць, што акрамя Чыркова, Казаноўскага, Брэзькі прыяжджалі толькі два супрацоўнікі Дэпартамэнту аховы).

Таксама сябры сына казалі Вользе, што іх распытвалі пра палітыку.

Пра паводзіны Зьмітра Галко падчас візыту міліцыянтаў падлеткі распавялі Вользе Краўчук.

«Мы сядзелі ў пакоі зачыненыя і чулі, як дзядзька Дзіма паўгадзіны запар ім казаў, што яны ня маюць права заходзіць. Але потым яму загадалі прынесьці дакумэнты, ён адышоў ад дзьвярэй, і яны ўварваліся. Міліцыянт у форме пачаў усё здымаць на тэлефон. Мы раптам пачулі гук, нібыта мабільны ўпаў на падлогу, і крыкі: „Ай, што з тэлефонам?“ А потым пачалася валтузьня, і дзядзьку Дзіму скруцілі».

Што скажуць у судзе падлеткі, сябры Яна Галко, стане вядома ў чацьвер, 12 ліпеня, калі працягнецца паседжаньне.

Наступная сьведка — супрацоўніца інспэкцыі ў справах непаўнагадовых Савецкага РУУС.

«На падлозе валяліся кучай рэчы падлеткаў, курткі, абутак, я падумала, што тут можа адбывацца нешта супрацьпраўнае».

Галко тлумачыў, што ў кватэры адзначаюць дзень нараджэньня ягонага сына. «Але торта ці застольля я ня ўбачыла. Затое было шмат бутэлек»

У адрозьненьні ад сьведчаньняў іншых міліцыянтаў у судзе, сказала, што на бальконе было цёмна.

Галко просіць перанесьці судовае паседжаньне, бо вельмі дрэнна сябе адчувае, таму што з раніцы нічога ня еў. Удзельнікі працэсу былі ня супраць, у тым ліку пракурор і пацярпелы, але судзьдзя хадайніцтва не задаволіў: «Лічу гэта надуманым».

Казаноўскі ня бачыў, каб Галко біў Чыркова

Адвакат Мацкевіч хадайнічала аб зачытваньні пратаколу допыту Казаноўскага на сьледзтве, бо «ёсьць разыходжаньні». Судзьдзя задаволіў хадайніцтва і пачаў зачытваць ранейшыя паказаньні Казаноўскага. Разыходжаньні ў паказаньнях тычыліся абставін, пры якіх ён увайшоў у кватэру Галко. Былі дзьверы ўжо адчыненыя ці іх адчыніў Галко? «Дакладна ўжо ня памятаю», — сказаў пацярпелы.

Пазьней, адказваючы на пытаньне, Казаноўскі заявіў суду:

«Я ня бачыў, каб Галко непасрэдна наносіў удары Чыркову», – сказаў пацярпелы, пры гэтым заўважыў, што ня ўсе падзеі назіраў, бо быў заняты.

Казаноўскі некалькі разоў паўтарыў, што дакладна ўжо не памятае, што тады адбывалася. Ён нібыта званіў бацькам падлеткаў, але потым сказаў, што яму званілі.

У выніку Казаноўскі сказаў суду, каб ён браў за аснову ягоныя паказаньні на сьледзтве, а не ў судзе. Нагадаю, Чыркоў прасіў наадварот.

Матэрыяльныя прэтэнзіі Казаноўскага да Галко – 20 рублёў, кампэнсацыя за парваную куртку. «Сам зашыў. Чаму ацаніў страты ў 20 рублёў? Меркаваная сума».

На строгім пакараньні не настойваў, ад кампэнсацыі маральнай шкоды адмовіўся.

Допыт другога сьведкі-міліцыянта

Пацярпелы міліцыянт Вадзім Казаноўскі паведаміў, што яму а 18 гадзіне ад Чыркова паступіў званок. Ён сказаў, што падлеткі, якіх ён убачыў на бальконе кватэры Галко, гучна лаяліся матам, былі нецьвярозымі. У іх з Чырковым былі падазрэньні, што там адбываецца адміністрацыйнае правапарушэньне — уцягваньне непаўналетніх у расьпіцьцё сьпіртных напояў. Яны пазванілі ў дзьверы, адчыніў нецьвярозы Галко.

Сьведка сказаў, што нібыта Галко сам зацягнуў у кватэру міліцыянта Чыркова:

«Галко адчыніў дзьверы, схапіў Чыркова за куртку і пацягнуў на сябе. Так мы апынуліся ў кватэры».

Паводле Казаноўскага, у кватэры Галко было 10-12 падлеткаў. Галко, паводле пацярпелага, парваў яму куртку ў сутычцы. Паводле Казаноўскага, сын Галко Ян быў моцна нападпітку.

«Потым высьветлілася, што ў яго было 1,8 праміле алкаголю ў крыві».

Працэс аднавіўся

Зьміцер Галко настаяў на праве задаваць пытаньні пацярпеламу, судзьдзя дазволіў, але папярэдзіў, каб Галко не задаваў пытаньні, якія ўжо гучалі.

Матэрыяльны пазоў на 1 тысячу рублёў

Момант зь меркаваным падзеньнем Чыркова на падлогу судзьдзя вывучае дадаткова. Ён запытаў: дзе праўда і чаму ён зьмяніў паказаньні? Міліцыянт адказаў, што сёньняшнія паказаньні адносна таго, што ён ня падаў на падлогу, а паваліў сына Галко сам, у большай ступені адпавядаюць таму, што было.

Судзьдзя
Судзьдзя

На пытаньне — чаму на допыце ў сьледчага казаў інакш — патлумачыў, што, маўляў, ня бачыў розьніцы паміж «упаў на падлогу» і «сам паваліў чалавека». Пасьля гэтага судзьдзя зачытаў пратакол другога допыту, дзе паказаньні больш адпавядалі таму, што Чыркоў казаў сёньня ў судзе.

Адвакат запытала Чыркова, ці пацьвердзіліся ягоныя падазрэньні аб адміністрацыйных парушэньнях і сэксуальным злачынстве ў кватэры Галко? Міліцыянт сказаў, што падазрэньні ў сэксуальным злачынстве на пацьверділіся, а вось адміністрацыйныя пратаколы былі складзеныя.

Чыркоў паведаміў, што сёлета ў сакавіку ён быў пераведзены з участку, дзе адбылося здарэньне, на іншы ў сувязі зь яго жаданьнем. Ён ня думае, каб перавод адбыўся па выніках службовай праверкі ягоных дзеяньняў.

Пацярпелы заявіў матэрыяльны пазоў да Зьмітра Галко на 1 000 рублёў «за цялесныя пашкоджаньні і матэрыяльную шкоду». Кампэнсацыя за разьбіты мабільны тэлефон «Самсунг» 150 рублёў і 850 рублёў — маральная шкода.
«Непрыемна, што зьневажаў мяне і нанёс цялесныя пашкоджаньні», — сказаў ён. Адносна магчымага пакараньня абвінавачанаму сказаў, што «на погляд суду».

Перапынак у працэсе да 14.30.

Зьмітра Галко выводзяць з залі суду
Зьмітра Галко выводзяць з залі суду

Хацеў прадухіліць «сэксуальнае злачынства»

Абаронца просіць суд зачытаць паказаньні Юрыя Чыркова на першым допыце пра момант атрыманьня ім удараў ад Галко. Яна лічыць, што ёсьць істотныя разыходжаньні з тым, што міліцыянт казаў у судзе. Судзьдзя задаволіў хадайніцтва. З зачытанага пратаколу допыту Чыркова 5 сьнежня 2017 году вынікае, што разыходжаньні сапраўды ёсьць.

Тады Чыркоў заявіў, што упаў на падлогу ў выніку сутычкі з Янам Галко, пасьля чаго ягоны бацька нанёс яму два ўдары па галаве і сьпіне. У судзе ж казаў, што ня падаў на падлогу, а ужыў спэцпрыём супраць сына Галко і гэтак яго паваліў. Былі і іншыя разыходжаньні.

Так, на допыце Чыркоў называў час здарэньня як «18 гадзін». Таксама на допыце ў сьледчага ён казаў, што, акрамя гарэлкі, у кватэры было шампанскае і марціні. Пацярпелы сказаў, што мінула шмат часу, таму ён мог забыць некаторыя дэталі, але пацьвердзіў мінулыя паказаньні. Судзьдзя Якунчыхін зрабіў яму заўвагу, каб не спрачаўся і даваў дакладныя адказы.

Чыркоў таксама згадаў: калі ўваходзіў у кватэру, бачыў на падлозе жаночую бялізну. Таму падазраваў, што магло быць і сэксуальнае злачынства. Гэтым патлумачыў сваю настойлівасьць у намеры прайсьці ў кватэру. Цяпер ў кажа, што падлеткаў у кватэры было 10-12 — хлопцаў і дзяўчат. Магчыма, і больш.

Суседзі міліцыю не выклікалі

Юрыя Чыркова пачала дапытваць адвакатка Натальля Мацкевіч. Пацярпелы сказаў, што прасіў у гаспадара прайсьці, каб паглядзець, што адбываецца, але той нічога не сказаў. Толькі ў кватэры Галко заявіў, каб ён пакінуў памяшканьне.

«Тое, што ён прамаўчаў, я спачатку ацаніў як згоду зайсьці ў кватэру, удакладніў Чыркоў. — Накіраваўся ў першы вялікі пакой. Паўсюль было шмат дзяцей, усе нецьвярозыя, паўсюль шмат напояў. Я прасіў, каб не скакалі ў вокны» (раней сьведка казаў, што толькі потым даведаўся, як адзін з падлеткаў выскачыў у вакно).

Зьміцер Галко
Зьміцер Галко

Ён прызнаў, што не складаў у кватэры ніякіх дакумэнтаў і не абвяшчаў пра пачатак працэсуальных дзеяньняў. А чаму пачаў здымаць на тэлефон, хоць Галко згоды не даваў?

«Бо, па-сутнасьці, ужо пачаліся працэсуальныя дзеяньні — у межах таго, што чалавек лаяўся матам, хапаў мяне за вопратку, там усюды было сьпіртное».
Чыркоў згадаў, што калі Галко наносіў яму ўдары па галаве і сьпіне, у кватэры ужо былі два супрацоўнікі Дэпартамэнту аховы. Дзе быў Казаноўскі, ён не памятае. Усяго, паводле пацярпелага, мінула гадзіна паміж момантам, як ён прыйшоў у кватэру, і як былі апранутыя кайданкі на Галко.

«Цягам гадзіны ён бегаў па кватэры, абураўся, лаяўся. На месцы не сядзеў. Пазьней я даведаўся, што суседзі ужо зьбіраліся выклікаць міліцыю, бо музыка гучала вельмі моцна».

Тым самым пацьвердзіў, што суседзі не выклікалі міліцыю.

«На бальконе стаялі дзеці, лаяліся матам»

На просьбу судзьдзі пацярпелы Чыркоў пералічыў цялесныя пашкоджаньні: у тамбуры ўдараў не наносіў, у кватэры ударыў па руцэ і выбіў тэлефон, потым у калідоры два разы спрабаваў ударыць, але яны прайшлі як «скальзячыя». «Гэта быў дакладна ён, на 100 працэнтаў, — пацьвердзіў міліцыянт. — А я проста хацеў супакоіць ягонага сына, нічога супрацьзаконнага не рабіў, толькі прыціснуў да падлогі, каб той мяне ня ўдарыў. Верагодна, Галко палічыў, што я пагражаю хлопцу».

Час самога здарэньня сьведка Чыркоў дакладна не назваў, спаслаўся на тое, што мінула шмат часу — пасьля 16 гадзінаў, плюс-мінус. Памятае, што ў пакоі гарэла сьвятло і на бальконе, дзе ён убачыў групу падлеткаў, было сьветла.

«Так разумею, што яны пілі, выходзілі паліць. Калі вяртаўся, нічога не зьмянілася: стаялі дзеці, лаяліся матам. Я пайшоў на вуліцу Мележа ў прафіляктычны пункт, каб потым пайсьці па гэтым адрасе з калегам. Сам званіў Казаноўскаму, ён зьявіўся праз 20 хвілінаў».

Пачаўся допыт міліцыянтаў

Працэс аднавіўся, пачалі апытваць сьведак. Першым дапытваюць Юрыя Чыркова, які прызнаны пацярпелым. Ён распавёў пра падзеі 25 лістапада 2017 году. Сказаў, што пачаў службу а 16-й гадзіне, правяраў раней асуджаных. Ішоў па вуліцы Мележа, убачыў маладых людзей на бальконе. Калі вяртаўся назад, яны былі там жа, гучала музыка.

Пацярпелыя
Пацярпелыя

«Былі напапітку, лаяліся матам», — сказаў Чыркоў. Ён выклікаў дапамогу. Прыехаў інспэктар па справах непаўнагадовых Казаноўскі, яны разам пайшлі ў кватэру. Чыркоў зайшоў у кватэру, запытаў, што тут адбываецца. На гэта нібыта нецьвярозы Галко пачаў лаяцца матам.

«Схапіў мяне за куртку, адбылася патасоўка, ён пацягну мяне ў кватэру. Там было шмат непаўнагадовых, больш за 10 чалавек. Вялікая колькасьць алькаголю ў кожным пакоі, гарэлка была ў літровых бутэльках. Дзеці спужаліся і некаторыя пачалі выскокваць з вокнаў, я заклікаў супакоіцца. Галко працягваў на мяне лаяцца, выбіў тэлефон з рукі. Ягоныя сын спрабаваў мяне ўдарыць па твары два разы, я гэта спыніў, паклаў на падлогу, прыціснуў нагой грудную клетку, тут мяне двойчы ўдарылі па галаве і сьпіне, гэта зрабіў Зьміцер Галко. Потым ударыў у сківіцу. Тады я паведаміў у дзяжурную частку, што адбылося».

Падтрымаць Галко прыйшоў Статкевіч

Зьміцер Галко сказаў, што не прызнае сябе вінаватым ў поўным аб’ёме і пачаў распавядаць пра тыя падзеі. Аднак судзьдзя абарваў, зрабіў заўвагу і папярэдзіў, што наступным разам яго выдаляць. Сказаў, што ён зможа даць паказаньні пазьней, а цяпер мусіць толькі адказаць на пытаньні адносна вінаватасьці. Пракурор пасьля гэтага пералічыў доказы віны Галко. Там сьведчаньні, зьвесткі экспэртызы.

Галко пасьпеў сказаць, чаму ён не прызнае сябе вінаватым: «Гэта было ня так, я на той момант бы адміністрацыйна затрыманым...», — вось на гэтым моманце яго і перарваў судзьдзя.

У працэсе 5-хвілінны перапынак. Падтрымаць Зьмітра Галко прышоў палітык Мікалай Статкевіч. Сказаў яму: «Зьміцер, трымайся!».

Хадайніцтвы абароны адхіленыя

Зьміцер Галко з адвакаткай
Зьміцер Галко з адвакаткай

Суд адхіліў першыя хадайніцтвы адвакаткі Натальлі Мацкевіч. Яна прасіла запатрабаваць карту хуткай дапамогі удзельніку падзеяў Арсенію М. і зьвесткі зь міліцыі пра выклік нараду. Абаронца казала, што гэта трэба для высьвятленьня дакладнага часу канфлікту. Удзельнікі працэсу не былі супраць, у тым ліку пацярпелыя-міліцыянты. Але суд адмовіў: «Абставіны будуць высьвятляцца», — сказаў судзьдзя.

Пракурор
Пракурор

Пракурор пачаў зачытваць абвінавачаньне. Паводле яго, Зьміцер Галко падчас інцыдэнту быў нападпітку, ударыў міліцыянта Чыркова па руцэ, супраціўляўся, выпіхваў з кватэры, парваў куртку міліцыянту Казаноўскаму.

Зьміцер Галко ў клетцы, у чорнай вышыванцы

Працэс пачаўся, заля цалкам запоўненая. Тут бацькі Зьмітра, журналісты, праваабаронцы. Працэс вядзе судзьдзя Аляксандар Якунчыхін. Ён адразу выдаліў двух чалавек, якія спазьніліся. Зьміцер Галко сядзіць ў жалезнай клетцы, апрануты ў чорную вышыванку. Зьнешне нібыта спакойны. Сваякі кажуць, што заўважна схуднеў.

Бацькі Зьмітра Галко
Бацькі Зьмітра Галко

XS
SM
MD
LG