Затрыманыя намесьнік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі і дырэктар РНПЦ траўматалёгіі Аляксандар Бялецкі.
25 чэрвеня старшыня КДБ Валеры Вакульчык паведаміў аб тым, што камітэт выявіў маштабную карупцыйную схему ў сфэры аховы здароўя Беларусі, затрыманыя 33 чалавекі.
Паводле інфармацыі TUT.BY, нядаўна сьпіс папоўнілі намесьнік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі і дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра траўматалёгіі і артапэдыі Аляксандар Бялецкі.
Ласіцкі ажыцьцяўляў агульнае кіраўніцтва і кантроль за будаўніцтвам, рэканструкцыяй і разьвіцьцём матэрыяльна-тэхнічнай базы галіны аховы здароўя. Курыраваў пытаньні звароту мэдычных вырабаў у Беларусі і ліцэнзаваньня, зьяўляўся старшынём профільных камісій Міністэрства аховы здароўя і «Белмэдтэхнікі», гаворыцца на сайце ведамства.
Атрымаць камэнтар у прэс-службах КДБ і Міністэрства аховы здароўя TUT.BY не ўдалося.
Затрыманьні мэдыкаў. Што важна ведаць
Што здарылася: Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі раскрыў карупцыйную схему ў сфэры закупак мэдтэхнікі.
- 11 чэрвеня стала вядома пра затрыманьне дырэктара Цэнтру экспэртыз аховы здароўя Аляксандра Сталярова, а таксама ягонага намесьніка (за стварэньне для «сваіх пастаўшчыкоў» прывабных умоў паставак імпартнага мэдычнага абсталяваньня ў дзяржаўныя шпіталі і паліклінікі).
- 18 чэрвеня «Ежедневник» паведаміў пра «масавыя затрыманьні ў структурах Мінздароўя» — больш за 10 чалавек — у межах апэрацыі аб пастаўках у беларускія мэдычныя ўстановы абсталяваньня па завышаных цэнах, паводле відавочна ашуканскіх схемаў.
- Сярод затрыманых аказаўся кіраўнік мэдыцынскай службы Міністэрства абароны Аляксей Яськоў.
- 19 чэрвеня МУС паведаміла пра затрыманьне галоўнага патолягаанатама Мінздароўя, кіраўніка гарадзкога клінічнага патолягаанатамічнага цэнтру Аркадзя Пучкова (за хабар цягам 10 год на суму каля 200 тысяч даляраў).
- 25 чэрвеня СМІ паведамілі пра затрыманьне на мінулым тыдні галоўнага ўрача Менскай абласной лякарні Андрэя Каралько (нібыта за «перавышэньне службовых паўнамоцтваў») і начальніка ўпраўленьня аховы здароўя Горадзенскага аблвыканкаму Андрэя Стрыжака.
- Паводле намесьніка генпракурора Беларусі Аляксея Стука, сфэра аховы здароўя лідзіруе па колькасьці карупцыйных злачынцаў: 114 за пяць месяцаў 2018 году.