Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мітрапаліт Павел прызнаўся, што жыве ў Драздах і мае «Майбах»


Мітрапаліт Павел, архіўнае фота
Мітрапаліт Павел, архіўнае фота

Кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы мітрапаліт Павел 9 ліпеня распавёў пра сваю маёмасьць, выступаючы ў судзе як сьведка па справе аб злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі, піша выданьне Office life.

Каго судзяць і за што?

25 чэрвеня ў Заводзкім судзе Менску пачаўся працэс супраць Уладзімера Грозава, былога першага намесьніка дырэктара выдавецтва Беларускага экзархату.

Агульная сума нанесенай дзяржаве шкоды складае 3,8 мільёна рублёў, паводле Генпракуратуры.

Праваслаўная царква выставіла Грозаву пазоў на 750 тысяч даляраў, але ў першы дзень працэсу адмовілася ад яго, піша TUT.BY.

Грозава судзяць па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу: злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі, перавышэньне ўлады, нясплата мытных плацяжоў. Максымальныя тэрміны адказнасьці паводле гэтых артыкулаў — ад 6 да 12 гадоў турмы.

Намесьнік дырэктара выдавецтва Беларускага экзархату скраў 1,2 мільёна рублёў?

Паводле Генпракуратуры, абвінавачаны выкарыстоўваў службовыя паўнамоцтвы, каб:

  • цягам 2010–2014 гадоў завалодаць 1,2 мільёна рублёў;
  • занесьці аб’екты сядзібна-паркавага комплексу 2-й паловы 18 стагодзьдзя ў вёсцы Сёмкава Менскага раёну ў статутны фонд уласнай камэрцыйнай кампаніі — на карысьць ТАА «СЕО» перайшло права пастаяннага карыстаньня 37,8408 гектара;
  • ухіліцца ад сплаты мытных плацяжоў памерам 212,6 тысячы рублёў пры ўвозе транспартных сродкаў на карысьць выдавецтва і грамадзкай арганізацыі.

Пры чым тут мітрапаліт?

Кіраўнік БПЦ мітрапаліт Павел выступіў на судовым паседжаньні 9 ліпеня як сьведка.

Ён паведаміў, што жыве ў рэзыдэнцыі ў Драздах, але зарэгістраваны ў епархіяльным упраўленьні на вуліцы Вызваленьня.

Таксама Павел прызнаўся, што летась на 65-годзьдзе яму падаравалі «Майбах».

Праваслаўны герарх дадаў, што за апошнія 15 гадоў яму ня раз дарылі новыя аўто, частку машын ён «перадаваў манастырам і прыходам».

Павел заявіў, што на гэтым фоне ўжываныя мышыны, якія перадаваліся празь мяжу для выдавецтва БПЦ, — «гэта нармальна».

Мітрапаліт заявіў, што ня бачыць падстаў для «суровага» пакараньня, і папрасіў суд вызваліць Грозава. Падсудны падзякаваў Паўлу за ўдзел у судзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG