27-гадовая Тацяна Хвіцько-Трымборн разам з мужам удзельнічала ў парным трыятлёне ў штаце Канзас у ЗША. На пратэзах яна прабегла 5 кілямэтраў і праплыла 500 мэтраў. Ейны муж праехаў на ровары 14,5 км.
Гэта тая самая Таня, якая ў красавіку стала першай жанчынай у гісторыі маратону ў горадзе Сэнт-Луіс, што прабегла яго на двух пратэзах.
У інтэрвію Свабодзе яна расказвала, што рыхтуецца да трыятлёну. Пакуль яна ня можа езьдзіць на ровары, а таму ўдзельнічала ў спаборніцтвах разам з мужам Джонам.
«Вялікі дзякуй майму мужу за тое, што быў разам са мной, мы адолелі гэтую гонку як каманда! Ты найлепшы партнэр, пра якога я толькі магла марыць. Зь нецярпеньнем чакаем наступнага году!», — напісала яна ў сваім інстаграме.
Таня паходзіць зь Нясьвіжу. З 2008 году яна жыве ў ЗША. Спачатку паехала туды вучыцца, цяпер працуе ў кампаніі Knit-Rite у Канзас-Сіці. Там вырабляюць адмысловыя шкарпэткі для людзей, якія носяць пратэзы. Таня адказвае за піяр кампаніі, вядзе карпаратыўны блог, езьдзіць на канфэрэнцыі, дзе зьбіраюцца вытворцы пратэзаў.
Трэці год дзяўчына прафэсійна займаецца бегам. У 2017 годзе яна ўдзельнічала ў сваім першым маратоне ў Сэнт-Луісе, але сышла на 31-м кілямэтры. У красавіку 2018 году яна прабегла той самы маратон цалкам — за 4,5 гадзіны. Яна стала першай жанчынай на двух пратэзах у гісторыі гэтага маратону. І, магчыма, першай беларускай спартоўкай, якая прабегла маратон на пратэзах.