Паўночная Карэя выказала расчараваньне вынікамі перамоваў у Пхэньяне з удзелам дзяржсакратара ЗША Майка Пампэо.
Як гаворыцца ў паведамленьні дзяржаўнага агенцтва КНДР, у Пхэньяне ня згодныя з тым, што ЗША патрабуюць ад Паўночнай Карэі аднабаковых крокаў па дэмантажы ракетна-ядзернай праграмы. У паведамленьні гаворыцца, што КНДР па-ранейшаму прыхільная ідэі адмовы ад ядзернай зброі, аднак падыход ЗША не спрыяе дасягненьню гэтай мэты.
Раней Пампэо назваў двухдзённыя перамовы, якія ён вёў у сталіцы Паўночнай Карэі, пасьпяховымі. «Мы прасунуліся наперад практычна па ўсіх аспэктах нашых дыскусій», — сказаў Пампэо журналістам на борце самалёта па дарозе з Пхэньяну ў Токіё.
Прадстаўніца Дзярждэпартамэнту раней паведаміла пра дамоўленасьць стварыць рабочыя групы, якія будуць вырашаць канкрэтныя пытаньні. Акрамя таго, 12 ліпеня прадстаўнікі Пэнтагону сустрэнуцца з паўночнакарэйскімі прадстаўнікамі, каб абмеркаваць рэпатрыяцыю парэшткаў амэрыканскіх вайскоўцаў, якія загінулі падчас Карэйскай вайны ў 1950-я гады.
Паведамляецца, што Пампэо падчас свайго візыту ў КНДР — першага пасьля сустрэчы Дональда Трампа з Кім Чэн Ынам — не сустракаўся з паўночнакарэйскім лідэрам.