Адразу некалькі расейскіх турыстычных фірмаў абвясьцілі пра фінансавыя праблемы і ня выключылі працэдуры банкруцтва.
У ліку тых, хто ня можа скарыстацца ўжо аплочанымі паслугамі, аказаліся сотні беларусаў. Сярод прычынаў крызісу — адмова ад супрацоўніцтва з боку замежных партнэраў, згортваньне попыту на расейскім рынку, рэзкае падаражаньне авіябілетаў.
Апэратары заплацяць з уласнай кішэні — суды абыдуцца нашмат даражэй
Сярод кампаній, якія паведамілі пра часовае прыпыненьне дзейнасьці — «Матрёшка тур», «Аврора БГ», DSBW-TOURS, «Натали Турс». Апошні турапэратар даўно і найбольш актыўна прадстаўлены на беларускім рынку. Прадстаўніцтва кампаніі працуе ад пачатку сярэдзіны 1990-х і прапануе адпачынак па самых папулярных напрамках — Турэччына, Эгіпет, Грэцыя, Гішпанія, Баўгарыя.
4 ліпеня кіраўніцтва «Натали Турс» заявіла пра тое, што анулюе ўсе туры, пацьверджаныя да 1 кастрычніка. Продаж новых пакетаў спынены.
Ускладніла сытуацыю тое, што ў гэтым сэзоне расейскі турапэратар адмовіўся ад чартэрных праграмаў і перасадзіў кліентаў на рэгулярныя рэйсы. Другая праблема — празь фінансавыя рознагалосьсі гатэльны партнэр у Гішпаніі адмовіўся ад далейшага супрацоўніцтва.
Турысты з выпісанымі авіяквіткамі на рэгулярныя рэйсы і з аформленымі візамі змогуць скарыстацца аплочанымі паслугамі на ўласную рызыку. Як заявілі Свабодзе ў прадстаўніцтве кампаніі ў Менску, кліентам, якія не змаглі адпачыць праз вонкавыя праблемы, вернуць 100% сродкаў. Гаворка пра сотні тураў, з кожным кліентам будуць працаваць у індывідуальным парадку.
Экспэрт турыстычнай галіны, галоўная рэдактарка сайту Рэспубліканскага саюзу турыстычных арганізацый Лілія Кобзік мяркуе, што цана беларускага пытаньня ў сытуацыі з «Наталі Турс» — прыкладна паўмільёна даляраў. Тутэйшым агентам Масквы нічога не застанецца, як кампэнсаваць страты, прапануючы кліентам новыя туры або закладаючы ўласныя сродкі — у іншым выпадку судовыя выдаткі могуць быць нашмат большымі.
Паводле Кобзік, сыстэмны крызіс на турыстычным рынку Расеі агаліў і беларускія праблемы. Па-першае, несамастойнасьць апэратараў, якія залежаць ад цэнтраў у Маскве ці ў Кіеве: паводле ацэнак, сукупны даход нерэзыдэнтаў большы, чым мясцовых фірмаў. Па-другое, адсутнасьць дзяржаўнага мэханізму падтрымкі на выпадак падобнага форс-мажору — неадрэгуляванасьць галіны на заканадаўчым узроўні.
«Разам зь бедамі „Натали Турс“ мы атрымалі праблемы, якія наўскідку вылічваюцца сотнямі тысяч даляраў, сапсаванымі нэрвамі агентаў і турыстаў, а таксама вельмі адчувальным ударам па іміджы тургаліны. Зразумела, што закрыцца ад пранікненьня замежных апэратараў немагчыма, усё ж рынак — гэта само па сабе добра, ён прыносіць выбар і канкурэнцыю. Да таго ж практычна ўсе замежныя кампаніі маюць у Беларусі ўласныя юрыдычныя асобы, глыбока ўрасьлі ў нашу рэальнасьць. Што, зрэшты, не ратуе ад праблемаў у выпадку форс-мажору», — адзначае Лілія Кобзік.
Заканадаўства не рэгулюе турыстычную галіну — няма разуменьня форс-мажору
На перакананьне Кобзік, неабходны найхутчэйшыя зьмены на ўзроўні беларускага заканадаўства, якія ва ўмовах залежнасьці ад замежнага бізнэсу дакладна рэгулявалі б адносіны паміж турапэратарам і турагентам.
«На гэты момант, згодна з дамовай, за ўсё перад кліентам адказвае турагент, — тлумачыць Лілія Кобзік. — Беларускія заканадаўцы палічылі, што гэтага дастаткова, каб засьцерагчы кліентаў ад рызыкі. Пра саміх турагентаў, вядома, ніхто не паклапаціўся. Але справа нават ня ў гэтым, а ў тым, што ў выпадку апэратарскіх ануляваньняў, зьвязаных зь вялікімі аб’ёмамі, агенты проста фінансава ня могуць закрыць усе праломы ўласнымі сродкамі. Як унутранае заканадаўства дапамагае беларускім фірмам і іх кліентам у гэтым выпадку? Ніяк!»
Паводле экспэрта турыстычнага рынку, цяпер агенты спрабуюць сваімі сіламі ўрэгуляваць праблемы з кліентамі з нагоды скасаваньня тураў «Натали Турс». Іншымі словамі, каб пазбегнуць судовых пазоваў ад турыстаў, давядзецца за свой кошт зноў набываць ужо зарэзэрваваныя туры. У сваю чаргу, не прыходзіцца сумнявацца, што «Натали Турс» заваляць пазовамі ад беларускіх агентаў на прадмет кампэнсацыі і вяртаньня сродкаў. Але як будзе адбывацца гэтае вяртаньне, у якія тэрміны, беларускае заканадаўства зноў жа не акрэсьлівае.
«Усё было б прасьцей, каб усе рызыкі такой уразьлівай галіны, як турызм, маглі гарантаваць страхавыя кампаніі, — працягвае Лілія Кобзік. — На жаль, страхавікі не бяруць на сябе такую адказнасьць. Расейская практыка фінансавых гарантый таксама не выглядае ідэальным варыянтам, але ў любым выпадку цікава будзе паглядзець, ці дапамогуць вырашыць праблемы „Натали Турс“ фінансавыя гарантыі апэратара і мэханізм турыстычнай дапамогі».
Яшчэ адным ачагом нестабільнасьці для беларусаў аналітык рынку бачыць пераарыентацыю на авіяпералёты з Украіны. Праз сваю таннасьць яны сталі папулярнымі сярод беларускіх турыстаў, але сёлетні сэзон распачаўся непрыемнымі сюрпрызамі. Разам з тысячамі ўкраінцаў беларусы суткамі сядзяць у чаканьні рэйсаў «Брава Эйруэйз», «Анда Эйр», «Ян Эйр», у аэрапортах Кіева, Тыраны, Хургады і г.д.
На перакананьне Ліліі Кобзік, нічога не застаецца, як кансалідавана — з удзелам гульцоў рынку і зацікаўленых дзяржаўных структур — вырашыць, у якіх заканадаўчых рамках павінен знаходзіцца такі рызыкоўны від дзейнасьці, як турызм.