Нягледзячы на перасьлед абаронцаў Курапатаў, пікеты супраць дзейнасьці рэстарацыі «Поедем поедим» побач з мэмарыялам ахвярам сталінскіх рэпрэсій будуць працягвацца. Пра гэта заявіла Свабодзе адна з актывістак Ганна Шапуцька.
«Адна з мэтаў арыштаў — запалохаць патэнцыйных пікетоўцаў, — кажа Ганна Шапуцька. — Калі бачаць, што ідзе паляваньне на абаронцаў — там хапаюць, там машыны дзяжураць — людзі напружваюцца, задумваюцца, ці варта рызыкаваць. Ня дзеля таго міліцыянты складалі пратаколы, каб пагладзіць па галаве, а каб пакараць. Цяпер гэта і адбываецца. Чаму ўзяліся ў гэты момант? Па-першае, паламаная рука Леаніда Кулакова, ня хочуць новых інцыдэнтаў. Па-другое, акцыя 29 чэрвеня, калі Лукашэнка быў у Трасьцянцы. Затрыманьні пачаліся менавіта пасьля гэтага, спэцслужбы проста вывела зь сябе ўвага да Курапатаў. За гэта пачалі помсьціць».
Паводле Ганны Шапуцькі, распачаць рэпрэсіі замінала прысутнасьць на цырымоніі адкрыцьця мэмарыялу ў Трасьцянцы прэзыдэнтаў Аўстрыі і Нямеччыны, а таксама высокіх гасьцей з Польшчы, Чэхіі, габрэйскіх арганізацый. Пасьля іх ад’езду сілавікоў ужо нічога ня стрымлівала.
Пакуль што караюць самых актыўных абаронцаў Курапатаў — Паўла Севярынца, Вольгу Мікалачык, Максіма Вінярскага, Вячаслава Сіўчыка ды іншых. Асобна ў гэтым шэрагу стаіць старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў — адзін з тых, хто вызначаны перамоўнікам з гаспадарамі рэстарацыі. На пляцоўцы каля рэстарацыі ён зьявіўся толькі аднойчы.
«Зараз нэўтралізуюць найперш тых, на каго складзена больш за ўсё пратаколаў. Але самая нечаканая фігура, якая нас хвалюе ва ўсёй гэтай дзеі, — Рыгор Кастусёў. Абсалютна незразумела, на якой падставе яго ўзялі. За тое, што аднойчы пастаяў у пікеце, адразу ўзяць і засудзіць? Вось гэта, безумоўна, вялікае пытаньне».
Агулам колькасьць пратаколаў на пікетоўцаў, складзеных супрацоўнікамі ДАІ і раённай міліцыі, набліжаецца да сотні. Найбольш актыўныя абаронцы маюць ужо па дзясятку штрафаў. Аднак спыняць супраціў актывісты не зьбіраюцца.
«Вядома, будзем пікетаваць далей, заклікаю ўсіх таксама падцягвацца,— гаворыць Ганна Шапуцька. — Не абавязкова спыняць машыны, могуць быць розныя формы супраціву — найперш трэба размаўляць, інфармаваць. Дзеля справядлівасьці, людзей, якія хацелі б наведаць рэстарацыю, зусім няшмат, спадзяюся, гэта плён нашай актыўнасьці. Але трэба ўсё роўна там быць, паказваць, што мы не спыняемся, мы супраць такой забаўляльнай установы. Тым больш дагэтуль няма адказу на нашы звароты з Генпракуратуры — найперш што тычыцца парушэньня ахоўнай зоны і выдзяленьня зямлі пад забудову».