Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз пачаў санкцыйную працэдуру супраць Польшчы за праведзеную рэформу судоў


Улады ЭЗ у панядзелак афіцыйна пачалі «санкцыйную працэдуру» супраць Польшчы за праведзеную рэформу судоў. Калі працэс будзе даведзены да канца, Польшча можа стаць першай краінай ЭЗ, на якую Брусэль наклаў санкцыі і можа страціць на некаторы час права голасу ў ворганах кіраваньня Эўразьвязу і Эўрапарлямэнце.

Незадаволенасьць ЭЗ выкліканая тым, што кіраўнічая партыя «Права і справядлівасьць» летам 2017 году правяла ў Польшчы судовую рэформу, якая выклікала шмат крытыкі. Новы закон зьмяніў парадак фармаваньня Вышэйшай рады судзьдзяў. Большасьць судзьдзяў ад гэтага часу пачаў прызначаць парлямэнт і міністар юстыцыі, то бок кіраўнічая палітычная сіла Качыньскага, і гэтыя ж судзьдзі паводле новага закону будуць разглядаць скаргі і спрэчкі падчас будучых выбараў.

У Брусэлі лічаць, што польскі закон аб судах «парушыў эўрапейскія нормы вяршэнства права».

Паводле Польскага Радыё, у Польшчы ёсьць месяц, каб адказаць на прэтэнзіі ўладаў Эўразьвязу. У адсутнасьць адказу Польшчы ці нездавальняючага тлумачэньня Эўракамісія накіруе ўладам краіны другое папярэджаньне з патрабаваньнем зьмяніць закон. Калі ж Польшча на яго не адрэагуе, Брусэль зьвернецца ў Эўрапейскі Суд з патрабаваньнем накласьці на Польшчу санкцыі.

Колькі часу зойме гэты працэс — невядома. Але гэта будзе першы выпадак, калі ЭЗ пачаў працэдуру накладаньня санкцыяў на аднаго са сваіх членаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG