Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю паведаміла, што ў сувязі з чаканай карэкціроўкай закону «Аб натуральных манаполіях» дзяржава можа адмовіцца ад рэгуляваньня тарыфаў на паслугі электрасувязі, у тым ліку на карыстаньне стацыянарным тэлефонам.
«У сувязі з разьвіцьцём мабільнай сувязі сфэра электрасувязі агульнага карыстаньня губляе прыкметы натуральнай манаполіі», — сказана ў паведамленьні Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю.
У ліку прыкмет натуральнай манаполіі ў міністэрстве назвалі адсутнасьць ўзаемазаменнасьці паслуг для спажыўца, тэхнічная немагчымасьць аказаць такія паслугі іншым чынам ці іншымі гаспадарчымі суб’ектамі.
Міністэрства мае намер ацаніць і нівэляваць нэгатыўныя наступствы такога кроку. Для гэтага яно хоча з дапамогай анкетаваньня вызначыць магчымасьці ўзаемазаменнасьці паслуг стацыянарнай і сотавай сувязі паміж сабой.
У прыватнасьці, у анкеце прапануецца параўнаць выдаткі на карыстаньне стацыянарнай і мабільнай сувязьзю. З дапамогай адказаў, паводле міністэрства, можна будзе таксама прадказаць рэакцыю насельніцтва на падаражаньне стацыянарнай сувязі і ацаніць гатоўнасьць фізычных асоб да адмовы ад «хатніх» тэлефонаў у прынцыпе.
Пра гэта інфармуе агенцтва «Інтэрфакс».