Былы настаўнік гісторыі Новадзявяткавіцкай школы Слонімскага раёну Горадзеншчыны Васіль Ракуць прыгадвае, як у 1990-я ўдзельнічаў у напісаньні першых школьных падручнікаў гісторыі Беларусі ў незалежнай дзяржаве.
Штуршок усяму дала перабудова
Былы школьны настаўнік, цяпер пэнсіянэр Васіль Ракуць успамінае, што ў выніку дэмакратычных працэсаў, якія ў канцы 1980-х і пачатку 1990-х адбываліся ў Беларусі, зьявілася магчымасьць даведацца пра белыя плямы ў гісторыі.
У 1991 годзе ён надрукаваў у часопісе «Народная асвета» першы артыкул: «Перабудова: пазыцыя настаўніка гісторыі». У ім выклаў свой погляд на стан гістарычнай навукі ў Беларусі.
«Мне ўжо тады з набытых падчас перабудовы ведаў было зразумела, што савецкая „гістарычная навука“ не адлюстроўвае рэальнасьці разьвіцьця беларускай дзяржаўнасьці, — успамінае былы настаўнік. — У тым артыкуле я аспрэчыў тэорыю пра адзінства ўсходніх славян з цэнтрам у Кіеве і дэталёва паказаў, што наша дзяржаўнасьць зараджалася ў Полацкім княстве».
Пасьля гэтага пачаў актыўна друкаваць артыкулы на гістарычныя тэмы ў «Настаўніцкай газеце», «Народнай асвеце», «Гістарычным часопісе».
Найбольшы ўплыў аказала кніга «Старажытная Беларусь»
Разам зь дзесяцьцю выдадзенымі падручнікамі спадар Ракуць паказвае кнігу Міколы Ермаловіча «Старажытная Беларусь». Кажа, што менавіта яна найбольш сфармавала ягоны навуковы сьветапогляд і прымусіла паглядзець на станаўленьне беларускай дзяржаўнасьці з пазыцыі беларускага навукоўца.
«Потым мяне яшчэ вельмі ўразілі публікацыі ў СМІ пра тое, што ў 1981 годзе Міколу Ермаловіча выклікалі ў КДБ і прымушалі адмовіцца ад ягоных поглядаў на стварэньне беларускай дзяржаўнасьці, патрабавалі здаць усе напісаныя ім матэрыялы КДБ, — прыгадвае Ракуць. — Гэта таксама вельмі моцна паўплывала на фармаваньне майго сьветапогляду».
Прафэсар Штыхаў заўважыў публікацыі і прапанаваў напісаць першы падручнік для школьнікаў
Доктар гістарычных навук, прафэсар Георгі Штыхаў, які ў свой час меў багаты вопыт настаўніцтва, а таксама зьяўляўся аўтарам манаграфій па гісторыі, заўважыў публікацыі калегі і прапанаваў яму напісаць першы падручнік па гісторыі Беларусі з пункту погляду беларускай дзяржавы.
Васіль Ракуць тлумачыць, што з пачатку і да сярэдзіны 90-х школьнікі вывучалі гісторыю Беларусі не па падручніках, а па дапаможніках. Дапаможнікі адрозьніваліся ад падручнікаў тым, што ў першых хоць і быў выкладзены грунтоўны гістарычны матэрыял, але ў іх цалкам адсутнічаў мэтадычны апарат (паняцьці, заданьні, табліцы, ілюстрацыі і г.д.). Дапаможнікі, паводле Ракуця, былі перагружаныя датамі, храналёгіямі, што было непад’ёмным цяжарам для вучняў.
«Я ў сваю чаргу зьвярнуў увагу на тое, што новыя падручнікі павінны стаць падручнікамі разьвіцьцёвага навучаньня. Гэта значыць, што ў іх павінны быць ня проста голыя гістарычныя факты, якія арыентуюць вучняў толькі на іх запамінаньне. Галоўнае — у іх павінна быць тое, што будзе прымушаць школьніка мысьліць, разважаць над гэтымі гістарычнымі фактамі», — кажа Васіль Ракуць.
Калі ўзяўся за напісаньне падручніка, настаўнік працягваў выкладаць у Новадзявяткавіцкай школе гісторыю, быў намесьнікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце.
«Я ўставаў тады а 3-й гадзіне раніцы і пачынаў працаваць, у гэты час мне прыходзілі самыя лепшыя думкі, я іх занатоўваў, а пазьней апрацоўваў, — прыгадвае Ракуць. — І паколькі я карыстаўся выключна матэрыяламі навуковымі, то ў выніку напісанае задавальняла майго рэдактара прафэсара Штыхава».
Прафэсар Штыхаў атрымаў распрацаваны чарнавы праект першага падручніка ўжо праз два месяцы пасьля таго, як паміж імі адбылася размова, кажа Ракуць.
«Дыскутаваць з намі прыслалі палкоўніка, які не прызнаваў ВКЛ і бел-чырвона-белага сьцяга...»
Перад публікацыяй напісанага Ракуцем падручніка ў навуковым асяродзьдзі шырока праводзілася абмеркаваньне, ён неаднойчы выступаў на шматлікіх канфэрэнцыях і сходах, выкладаў і адстойваў свае гістарычныя пазыцыі.
На адну з дыскусій, у якой бралі ўдзел пераважна навукоўцы-гісторыкі, прыйшоў дзейны вайсковы палкоўнік. Ягоная прамова ў дыскусіі зводзілася да таго, што напісаны Ракуцем падручнік па гісторыі ня мае права на існаваньне.
Маўляў, ён «фальсіфікуе гісторыю, паколькі не было ніякага Полацкага княства, Пагоня належала літоўцам, а бел-чырвона-белы сьцяг выкарыстоўвалі калябаранты...»
«У залі, дзе адбывалася дыскусія, прысутнічалі пераважна навукоўцы, і палкоўнік са сваімі поглядамі застаўся адзін. Па сутнасьці, у яго не было ніякіх аргумэнтаў, ён выглядаў нават недарэчна, але сам не разумеў гэтага, — успамінае Ракуць. — Падтрымалі ўсё ж нашыя ідэі, паколькі яны абапіраліся на летапісы, архівы, шматлікія спасылкі навуковых публікацый».
Настаўнікаў зьдзівіла, колькі было белых плямаў у гісторыі Беларусі
Першы падручнік па гісторыі Беларусі Ракуця пад рэдакцыяй прафэсара Штыхава пабачыў сьвет у 1996 годзе для вучняў 6-х клясаў. Ягоны наклад складаў больш за 127 тысяч асобнікаў. Падручнік уключаў у сябе пэрыяд гісторыі Беларусі ад старажытных часоў да сярэдзіны ХІІІ стагодзьдзя, да ўтварэньня Вялікага Княства Літоўскага.
«Нягледзячы на тое, што падручнік пісаўся ўжо пасьля абраньня Аляксандра Лукашэнкі і рэфэрэндуму 1995 году, які скасаваў дзяржаўны статус Пагоні і бел-чырвона-белага сьцяга, я не адчуў тады на сабе ўціску з боку ўлады. Выклаў у падручніку гістарычныя факты, якія адпавядалі навуковым дасьледаваньням», — кажа Ракуць.
Суразмоўца расказвае, што ад 1996 году новыя падручнікі ў школах уводзіліся паступова. Ён атрымліваў новыя і новыя замовы на напісаньне асобных параграфаў для падручнікаў па гісторыі для розных клясаў, некаторыя зь якіх перавыдаюцца дагэтуль.
Да ўсіх падручнікаў Ракуць напісаў адмысловыя мэтодыкі, у якіх зьмяшчаліся ўсе неабходныя матэрыялы для правядзеньня ўрокаў, што спрасьціла для настаўнікаў напісаньне рабочых плянаў.
Асабліва сваю зацікаўленасьць новымі падручнікамі, паводле Ракуця, выказалі настаўнікі. Першае ўражаньне, якое давялося пачуць аўтару ад сваіх калег — зьдзіўленьне.
«Многім ня ўкладвалася ў галаве, як шмат белых плямаў было ў беларускай гісторыі, якую яны выкладалі, — кажа Ракуць. — Але яны былі задаволеныя тым, што будуць выкладаць вельмі цікавую гісторыю сваёй краіны. Асаблівую цікавасьць выклікала тэма ВКЛ, якой наагул не было ў савецкіх падручніках».
«На пачатку двухтысячных мае падручнікі грузілі на макулятуру»
Пра тое, як і чаму ў Беларусі напачатку двухтысячных гадоў пачалі перапісваць падручнікі для школьнікаў па гісторыі, спадар Васіль гаварыць асабліва ня хоча. Кажа, што выйшаў ужо на пэнсію і не сачыў за гэтым працэсам, але яму добра запомнілася тое, як зь ягонай школы напісаныя ім падручнікі грузілі на макулятуру.
Ён кажа, што і дыскусій наконт іх замены ніхто не праводзіў.
«Мне было вельмі шкада, што гэта робяць. На жаль, ёсьць шмат людзей, якія ня згодныя з тым, што напісана ў тых падручніках, — кажа Ракуць. — Але з памяці гэта ўжо не сатрэш».
Паводле Ракуця, у гісторыі быў маленькі адрэзак часу, які яму і ягоным аднадумцам удалося выкарыстаць — «напісаць падручнікі на падставе гістарычнай праўды, якія застануцца ўжо назаўсёды».
«На нашых падручніках вырасла прынамсі адно пакаленьне, у якога сфармаваўся новы сьветапогляд. Я думаю, у гэтым галоўнае, чаго мы дасягнулі», — сказаў Свабодзе Васіль Ракуць.
«Ня трэба было выкідваць з падручнікаў нашы нацыянальныя сымбалі»
Васіль Ракуць дагэтуль працягвае працу над школьнымі падручнікамі. Яму працягваюць прапаноўваць пісаць асобныя параграфы.
«Хачу зазначыць, што і цяпер, нягледзячы на палітычныя зьмены ў краіне, мае фундамэнтальныя пазыцыі ў дачыненьні гісторыі Беларусі не зьмяніліся, — кажа Ракуць. — Напрыклад, у падручніку па гісторыі для каледжаў 2002 году я пісаў пра пэрыяд Вялікага Княства Літоўскага. І ў гэтым падручніку ёсьць і пра паходы на Маскву, і пра Крэўскую унію, і сымболіка тут застаецца тая, якая і была — бел-чырвона-белы сьцяг і герб Пагоня».
Ён ня стаў абмяркоўваць новы зьмест школьных падручнікаў, аднак на некаторых зьменах усё ж затрымаў увагу. Ракуць лічыць, што ня варта было выключаць з падручнікаў тое, што «яўна было ў беларускай гісторыі».
Ён кажа, што беларускаму нацыянальнаму сьцягу і гербу Пагоня больш за 700 гадоў, і ня варта рабіць выгляд, што яны не існавалі ў гісторыі краіны.
«Ёсьць цяпер дзяржаўны сьцяг, які прынялі на рэфэрэндуме, але каму б перашкаджаў нацыянальны сьцяг і герб, які вывешваўся б побач? Гэта нашы сьвятыя сымбалі, якія мы абавязаны шанаваць, — кажа Васіль Ракуць. — Альбо не прызнаваць за дзяржаву БНР — гэта значыць ігнараваць гістарычныя факты».
Васіль Ракуць нарадзіўся 30 чэрвеня 1945 году ў вёсцы Яруцічы Слонімскага раёну. У 1963 годзе скончыў Новадзявяткавіцкую школу. Закончыў гістфак Горадзенскага пэдунівэрсытэту імя Янкі Купалы (1975). З 1971-га па 2014 год працаваў настаўнікам гісторыі ў роднай школе. Суаўтар 10 падручнікаў для школьнікаў па гісторыі Беларусі. Напісаў 30 мэтадычных распрацовак для вывучэньня гісторыі Беларусі ў школах. Аўтар амаль 300 публікацый ў навуковых часопісах і газэтах. Адзін з стваральнікаў школьнага музэю ў Новадзявяткавічах, якім апякуецца дагэтуль.