Затрыманы каля 9:45 Валер Мінец, які вёз новыя крыжы ў мэмарыяльны комплекс Курапаты, вызвалены каля 12:45 зь Ленінскага РУУС Менску без складаньня пратаколу. Астатнія затрыманыя разам зь ім — Зьміцер Дашкевіч і Ягор Лаўрухін — на момант публікацыі застаюцца ў РУУС.
Як расказаў Свабодзе Валер Мінец, яму не выстаўлялі ніякіх абвінавачаньняў, вярнулі грузавік, склаўшы толькі пратакол агляду аўта, але не аддалі крыжоў. На іх міліцыянты «пыталі нейкія дакумэнты, нібыта гэта прадмет гандлю, а не мэмарыяльныя крыжы», кажа ён.
«Зразумела, што, апроч крыжоў, іх нічога не цікавіла, — разважае Мінец. — Зразумела, што яны выконвалі загад, ня больш і ня менш».
Актывістка Наста Дашкевіч спадзяецца вырашыць сытуацыю з канфіскацыяй крыжоў — скласьці на іх, калі неабходна, таварна-транспартныя накладныя, каб «узаконіць».
Што адбываецца ў Курапатах пасьля затрыманьня Дашкевіча і грузавіка з крыжамі. ФОТА І ВІДЭА
Устаноўка шасьцімэтровых крыжоў была заплянаваная на 10 гадзінаў раніцы 29 чэрвеня, апоўдні працягнулася штодзённая варта. У Курапаты запрашалі дэлегатаў, якія прыедуць на адкрыцьцё мэмарыялуахвяраў нацыстаў у Трасьцянцы, у тым ліку прэзыдэнтаў Аўстрыі і Нямеччыны. Мэмарыял (але ня акцыю пратэсту пад рэстарацыяй) удзень наведала польская дэлегацыя.
Што важна ведаць: пратэсты супраць новай рэстарацыі ў Курапатах
- Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
- Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы закрыцьця рэстарацыі.
- 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
- 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
- 27 чэрвеня наведніцы рэстарацыі на аўтамабілі зьбілі актывіста Леаніда Кулакова, у яго пералом рукі.
- Дагэтуль дакладна не вядома, хто ўладальнік рэстарацыі. Яе адрас супадае з адрасам ТАА «Амізбел», яго прадстаўнікі не ідуць на кантакт. Раней паведамлялася, што комплекс належыць кампаніі «БелРэстІнвэст».
- Рэстаран стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
- Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
- Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.