Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Закон аб СМІ з папраўкамі і дадаткамі запрацуе 1 сьнежня 2018 году 


Выстава «СМІ ў Беларусі-2018»
Выстава «СМІ ў Беларусі-2018»

Савет рэспублікі ўхваліў 28 чэрвеня папраўкі ў закон «Аб сродках масавай інфармацыі». Раней законапраект быў прыняты ў двух чытаньнях ніжняй палатай Нацыянальнага сходу.

«Нормы законапраекту ў асноўным накіраваныя на ўдасканаленьне праваадносінаў у сетцы інтэрнэт, а таксама ў галіне распаўсюду замежных тэлепраграмаў, стварэньня нацыянальнага тэлевізыйнага кантэнту», — цытуе агенцтва Інтэрфакс міністра інфармацыі Аляксандра Карлюкевіча, які прадстаўляў законапраект.

Ён удакладніў, што закон уступіць у сілу 1 сьнежня 2018 году, за выключэньнем даручальных нормаў, якія набудаць моц пасьля афіцыйнага апублікаваньня дакумэнта.

Як паведамлялася, законапраект выклікаў рэзкую крытыку з боку Беларускай асацыяцыі журналістаў і незалежных СМІ. Выказваліся засьцярогі, што дакумэнт узмоцніць дзяржаўны кантроль у мэдыясфэры краіны.

Што Міністэрства інфармацыі хоча зьмяніць

• Распаўсюдзіць дзеяньне Закону аб СМІ на інтэрнэт-рэсурсы, з дапамогай якіх ажыцьцяўляецца распаўсюд масавай інфармацыі.

• Законапраект дапускае добраахвотную рэгістрацыю інтэрнэт-рэсурсаў у якасьці СМІ (уводзіцца тэрмін «сеткавыя выданьні»). Яны і іх супрацоўнікі атрымаюць (у абмежаваным выглядзе) правы традыцыйных СМІ. Астатнія сайты таксама змогуць працаваць, але бяз статусу СМІ.

• Зарэгістраваць выданьне зможа толькі юрыдычная асоба, якая разьмяшчаецца ў памяшканьнях нежылога фонду.

• Без рэгістрацыі ў якасьці СМІ інтэрнэт-выданьні ня змогуць зьвяртацца ў дзяржаўныя органы па акрэдытацыю.

• Журналісцкі статус супрацоўнікаў інтэрнэт-выданьняў без рэгістрацыі паставяць пад сумнеў. Аўтары такіх выданьняў ня змогуць карыстацца правамі на абарону інфармацыйных крыніц і на працу падчас масавых мерапрыемстваў. Пры гэтым на незарэгістраваныя інтэрнэт-выданьні будуць распаўсюджвацца абавязкі і адказнасьць, прадугледжаныя законам аб СМІ.

• Разглядаюць магчымасьць блякаваньня асобных сацыяльных сетак цалкам, у выпадку адсутнасьці тэхнічнай магчымасьці абмежаваць доступ да іх элемэнтаў ці нежаданьня ўладальнікаў выдаляць інфармацыю на запатрабаваньне дзяржавы.

• Уводзіцца абавязковая ідэнтыфікацыя асобаў, якія разьмяшчаюць інфармацыю ў інтэрнэце, у тым ліку ў камэнтарах і на форумах. Прадугледжваецца абавязковая мадэрацыя інтэрнэт-рэсурсаў, адсутнасьць якой можа прывезьці да блякаваньня сайту.

• Удзел іншаземцаў у фармаваньні беларускай інфармацыйнай прасторы будзе абмяжоўвацца, у тым ліку праз забарону на распаўсюд прадукцыі замежных СМІ ў Беларусі без адпаведнага дазволу, галоўным рэдактарам СМІ мусіць быць грамадзянін Беларусі, аб’ём тэлеперадач беларускай вытворчасьці ў штотыднёвым аб’ёме вяшчаньня тэлефізійных СМІ мусіць быць ня менш за 30%.

• Будзе пашыраны пералік відаў інфармацыі, распаўсюд якой у СМІ забаронены.

• Будзе замацаваная забарона цэнзуры масавай інфармацыі ў адносінах да гаспадара інтэрнэт-рэсурсу.

• Абмежаваньне доступу да інтэрнэт-рэсурсаў па-ранейшаму будзе ажыцьцяўляцца ў пазасудовым парадку. Для інтэрнэт-выданьняў такое блякаваньне можа прывесьці да пазасудовага скасаваньня рэгістрацыі.

• Плянуюць захаваць спрошчанае абмежаваньне доступу да інтэрнэт-рэсурсаў без папярэджаньня Міністэрства інфармацыі. Такое магчыма, калі інтэрнэт-рэсурс ажыцьцяўляе дзейнасьць, забароненую заканадаўствам Беларусі.

• Аднавіць доступ да інтэрнэт-рэсурсу можна будзе толькі праз зварот у Міністэрства інфармацыі. Ці можна будзе абскардзіць рашэньне Мінінфармацыі ў судзе, у дакумэнце не пазначана.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG