Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гулец з каманды Лукашэнкі замяніў Шапіру на пасадзе старшыні Фэдэрацыі хакею


Сямён Шапіра, 28 чэрвеня 2018
Сямён Шапіра, 28 чэрвеня 2018

Сямён Шапіра падаў у адстаўку з пасады старшыні Фэдэрацыі хакею Беларусі ў сувязі зь невыкананьнем задач, паведамляе БЕЛТА.

Пра гэта ён абвясьціў на канфэрэнцыі Фэдэрацыі хакею Беларусі. Шапіра заявіў, што хакеем павінны кіраваць чалавек з гэтай сфэры. 57-гадовы Шапіра кіраваў хакеем крыху больш за год — рэкордна малы тэрмін у гісторыі фэдэрацыі.

«Я ня справіўся з задачай. І як мужык прыйшоў да такога рашэньня. Мне здаецца, новым кіраўніком павінен быць чалавек з хакею. Дзякуй усім маім намесьнікам і тым, хто дапамагаў мне ўвесь гэты год. Жадаю новаму кіраўніцтву не паўтараць памылак апошніх гадоў», — перадае словы Сямёна Шапіры Tribuna.com.

Яго зьмяніў былы хакеіст зборнай Беларусі Генадзь Савілаў. Канфэрэнцыя ФХБ прыняла аднагалоснае рашэньне ў выніку галасаваньня.

Генадзь Савілаў
Генадзь Савілаў

Савілаў: «Першачарговая задача — вярнуць зборную ў элітны дывізіён»

Новы кіраўнік беларускага хакею адзначыў, што перад тым, як прыняць прапанову ўзначаліць фэдэрацыю, старанна вывучыў стан спраў. Як падкрэсьліў Генадзь Савілаў, часу на разварушваньне няма, паведамляе БЕЛТА.

«Ужо пачалася падрыхтоўка да чэмпіянату краіны, варта працягнуць разьвіваць дзіцяча-юнацкі хакей, адкуль павінны прыйсьці новыя прафэсійныя гульцы. У бліжэйшы час неабходна прызначыць новага трэнэра нацыянальнай зборнай Беларусі. Хутчэй за ўсё, гэта будзе не замежны спэцыяліст. А першачарговая задача — вярнуць зборную ў элітны дывізіён, у сярэднетэрміновай пэрспэктыве — выступіць на Алімпіядзе 2022 году ў Пэкіне», — распавёў Савілаў.

Другі момант, на які, паводле Савілава, трэба зьвярнуць увагу, — узаемаадносіны фэдэрацыі і вядучага клюбу ХК «Дынама-Мінск».

«Не сакрэт, што супрацоўніцтва ФХБ і клюба далёкае ад ідэальнага. Віцэ-прэм’ер Васіль Жарко выказаў на канфэрэнцыі пажаданьне, каб быў адзін назіральны савет у клюба і фэдэрацыі. Будзем над гэтым працаваць ня ў шкоду выступам каманды ў КХЛ, але і для зборнай павінна быць аддача ад клюба», — адзначыў кіраўнік ФХБ.

На думку Генадзя Савілава, зборная павінна камплектавацца з гульцоў сусьветнага клясу, калі Беларусь жадае гуляць у элітным дывізіёне, а чэмпіянат Беларусі ў хакеі мусіць быць канкурэнтаздольным і служыць для выпускнікоў спартовай школы трамплінам у топ-чэмпіянаты.

Хто такі Генадзь Савілаў

Генадзь Савілаў нарадзіўся ў 1976 годзе. Скончыў ў 1999 годзе Беларускую дзяржаўную політэхнічную акадэмію (цяпер — БНТ), у 2009-м — Беларускі дзяржаўны унівэрсытэт фізычнай культуры () з прысваеньнем кваліфікацыі «трэнэр па хакеі», у 2010-м — Вышэйшую школу трэнэраў пры ўнівэрсытэце.

У хакеі — з 1985 году, выхаванец СДЮШАР «Юнацтва» (Менск). Гуляў напададнікам у камандах «Цівалі», «Юнацтва», ЦСКА (Масква), «Дынама» (Мінск), «Керамін», «Гомель», «Магілёў» і іншых, правёў у складзе нацыянальнай зборнай Беларусі 32 гульні.

Цяпер гуляе за каманду прэзыдэнта Беларусі, а таксама за хакейны клюб МТМ («Сьвет цяжкіх матораў»), які выступае ў аматарскім чэмпіянаце Менску.

Савілаў быў экспэртам беларускага тэлебачаньня на апошнім чэмпіянаце сьвету ў Даніі, дзе зборная не змагла захаваць месца ў эліце. Пасьля заканчэньня прафэсійнай кар'еры сышоў у сфэру транспарту і лягістыкі: займаў высокую пасаду ў групе кампаній ТАА «Белінтэртранс».

На чэмпіянаце сьвету ў хакеі ў 2018 годзе беларуская зборная дачасна пакінула сусьветную эліту. Вылет зборнай Беларусі ў першы дывізыён здарыўся ўпершыню за 15 гадоў.

Вялікі хакейны правал. І ня толькі хакейны...

Цягам турніру адбылася замена галоўнага трэнэра зборнай Беларусі: пасьля паразы ад каманды Францыі быў выпраўлены ў адстаўку канадзкі спэцыяліст Дэйв Льюіс. Ягоны асыстэнт Сяргей Пушкоў ня здолеў ці не пасьпеў дастукацца да гульцоў, ніводзін сапернік так і не адчуў беларускага супраціву.

На хакей у Беларусі выдаткоўваюцца вялізныя для краіны грошы. Шмат гадоў працягвалася разрэклямаваная кампанія будаўніцтва лядовых палацаў па ўсёй краіне, нават у райцэнтрах. Хакеісты атрымліваюць параўнальна высокія заробкі. Сытуацыя ў хакеі рэгулярна разглядалася на нарадах у Лукашэнкі. Аляксандар Лукашэнка рэгулярна праводзіць хакейныя нарады, крытыкуе кіраўнікоў фэдэрацыі і хакеістаў за правалы.

У траўні 2017 году ў экстраным парадку старшынёй Фэдэрацыі хакею быў прызначаны былы міністар сельскай гаспадаркі, кіраўнік Горадзенскай і Менскай абласьцей Сямён Шапіра.

Нехакейная нацыя. 7 прычынаў правалу беларусаў у хакеі

Ці здолее Сямён Шапіра ператварыць беларускі хакей з прыдворнай гульні ў сапраўды народную

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG