2271 рубель 13 капеек — такую суму кампанія iPower, якая будуе акумулятарны завод пад Берасьцем, хоча спагнаць з грамадзкага аб’яднаньня «Экадом» і яшчэ трох праціўнікаў будаўніцтва шкоднай вытворчасьці. Да таго ж эколягам давядзецца заплаціць 130 рублёў дзяржаўнага збору.
Гэтыя грошы акумулятарная кампанія выдаткавала на паслугі свайго прадстаўніка ў судзе, які ў выніку стаў на бок забудоўніка. Пра гэта паведамляе Instagram-канал Stopzavod.
Суд прыняў рашэньне спагнаць 2400 рублёў сукупна з грамадзкага аб’яднаньня «Экадом» і яшчэ трох грамадзянаў — Лепясевіча, Бекалюка і Макарэвіч.
У адмысловым Viber-канале пратэстоўцаў ужо каля 20 чалавек запэўнілі, што дапамогуць сабраць неабходную колькасьць грошай. Акрамя паразаў у судах, працягваецца і адміністрацыйны ціск на актывістаў: суд адмовіў звольненай Тацяне Фесікавай у аднаўленьні на працы ў шпіталі, адкуль яе звольнілі за ўдзел у мітынгу «Берасцейцы супраць сьвінцу».