Будынак каля Белдзяржцырку ў цэнтры Менску, які першапачаткова плянаваўся як гатэль, будзе дабудаваны цягам году. Пра гэта сёньня па выніках сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам паведаміў прэзыдэнт, старшыня праўленьня расейскага «Сбербанка» Герман Грэф, паведамляе БелТА.
«Пытаньне, якое мы разгледзелі (атрымалі падтрымку прэзыдэнта) — гэта дабудова вялікага комплексу будынкаў тут, у цэнтры Менску, якія нам дасталіся ў выніку, на жаль, таго, што праект ня быў рэалізаваны, крэдыт ня быў вернуты. Мы сёньня дамовіліся аб парамэтрах, у якіх мы цягам году цалкам рэалізуем гэты праект», — сказаў Герман Грэф.
Ён паведаміў, што дамовіўся з Лукашэнкам аб перапрафіляваньні даўгабуду ў офісны цэнтар.
«Цэнтральны будынак будзе выкарыстаны «Сбербанкам» для пераезду нашага беларускага банку «БПС-Сбербанк». Іншы комплекс будынкаў будзе выкарыстаны пад будаўніцтва: на верхніх паверхах — супэрсучаснага офіснага будынка, а ніжнія паверхі — пад крамы, кавярні, рэстараны», — сказаў ён.
Павінны былі дабудаваць яшчэ ў 2014 годзе
Першапачаткова чакалася, што гатэль будзе ўведзены ў эксплюатацыю да чэмпіянату сьвету па хакеі ў траўні 2014 году (паведамлялася, што ён будзе належаць сетцы гатэляў «Кемпінскі»). Тэрмін заканчэньня работ — 31 сьнежня 2013 году — быў перанесены на 1 траўня 2014-га, а затым на 31 сьнежня 2015-га.
Заказчыкам будаўніцтва выступала СТАА «Эліт Эстэйт» (заснавальнікі — беларуская кампанія «Трайпл» і маскоўская «Сіці Эстейт»). Для будаўніцтва гасьцініцы быў зьнесены помнік архітэктуры — першая беларуская электрастанцыя, пабудаваная ў ХІХ стагодзьдзі. Аднак будоўлю замарозілі.
Эксклюзіўны помнік – у ахвяру камэрцыйнаму праекту
У жніўні 2015 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што мае намер «жэстачайшым чынам падхваснуць» завяршэньне будаўніцтва комплексу. Ён адзначыў, што ўзьвядзеньне гэтага аб’екта для яго — «балючае пытаньне». У ліпені 2016-га Лукашэнка ўказам распарадзіўся завяршыць будаўніцтва да канца 2018 году.
Пытаньне аднаўленьня будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу каля Белдзяржцырку абмяркоўвалася на сустрэчы Лукашэнкі з Грэфам летась у студзені. Па выніках перамоў Грэф паведаміў, што «Сбербанк» укладзе ў Беларусі больш за 100 млн даляраў у абʼекты нерухомасьці, у тым ліку плянуе прафінансаваць недабудаваны комплекс каля Белдзяржцырку.
Недабудаваны гатэль каля цырку ў цэнтры Менску прыйшоў у непрыдатнасьць
Указ Лукашэнкі ад 10 красавiка падоўжыў будаўніцтва гатэля, уласьнікам якога стаў «Сбербанк», да канца 2020 году. Расейскі банк пагасіў запазычанасьць у 50 млн даляраў перад камэрцыйнымі банкамі, якія фінансавалі будоўлю элітнага гатэля.
Будаўнічыя працы на абʼекце аднавіліся ў кастрычніку 2017 году.