Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анджэй Дуда не прыедзе ў Беларусь


На 29 чэрвеня заплянаванае адкрыцьцё мэмарыялу ахвярам нацызму ў вёсцы Трасьцянец пад Менскам. Чакалася, што жалобную цырымонію наведаюць прэзыдэнты Аўстрыі, Нямеччыны, Ізраілю, Польшчы, Чэхіі.

У прэс-службе прэзыдэнта Польшчы паведамілі, што ўсе пляны Анджэя Дуды да канца тыдня ўжо апублікаваныя на сайце Канцылярыі прэзыдэнта. У календары на сайце Дуды пазначана, што 28-га чэрвеня ён будзе знаходзіцца зь візытам у Латвіі, 29 чэрвеня падзеяў, у якіх ён прыме ўдзел, няма. Як стала вядома Свабодзе з дыпляматычных крыніцаў, хто прадставіць Польшчу на ўрачыстасьці, будзе абвешчана заўтра.

У прэс-службе прэзыдэнта Ізраіля Рэйлена Рыўліна Свабодзе параілі напісаць пісьмовы зварот і параілі пачакаць адказу цягам аднаго-двух дзён.

У Менскім міжнародным адукацыйным цэнтры яшчэ 8 чэрвеня пацьвердзілі ў цырымоніі дзейнага аўстрыйскага прэзыдэнта Аляксандра Ван дэр Бэлена і былога прэзыдэнта Хайнца Фішара — сваякі ягонай жонкі загінулі менавіта ў Трасьцянцы.

Што тычыцца прыезду нямецкага прэзыдэнта Франка-Вальтэра Штайнмаера, яшчэ раней праз дыпляматычныя каналы была ўзгодненая дата 29 чэрвеня, чакаецца канчатковае пацьверджаньне.

Мэмарыял у вёсцы Трасьцянец пад Менскам, 2014 год
Мэмарыял у вёсцы Трасьцянец пад Менскам, 2014 год

Мэмарыяльны комплекс у Трасьцянцы ўзьведзены на месцы канцэнтрацыйнага лягера, які дзейнічаў падчас Другой сусьветнай вайны. Гэта чацьвёрты па колькасьці зьнішчаных у ім людзей пасьля Асьвенціму, Трэблінкі і Майданэка. На тэрыторыі былога СССР гэта самы буйны лягер сьмерці.

Тут былі забітыя мірныя савецкія жыхары і ваеннапалонныя, а таксама грамадзяне Аўстрыі, Нямеччыны, Чэхаславаччыны і Польшчы.

Усяго за гады вайны на тэрыторыі Трасьцянца было забіта 206 500 чалавек усіх узростаў і нацыянальнасьцяў. Большасьць ахвяраў складалі габрэі.

Цырымонія пачнецца 29 чэрвеня а 12-й гадзіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG