Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У вас тут усе дыхае савецкім часам». У Мазыры здымаюць расейскі сэрыял пра Чарнобыль


26 чэрвеня ў Мазыры пачаліся здымкі расійскага сэрыялу пра аварыю на ЧАЭС. Стужку замовіў тэлеканал НТВ. Мікрараён Чыгуначны на тры тыдні ператворыцца ў Чарнобыль 1986-га.

«У вас тут усё дыхае савецкім часам», — тлумачыць выбар «натуры» мастак-пастаноўшчык Ігар Гембель-Зайкін. Актораў другога пляну, дублёраў і масоўку здымачная група знаходзіць праз сацыяльную сетку «УКантакце». Мясцовыя ахвотна адгукнуліся на прапанову зьняцца ў кіно. Усяго для здымак у Мазыры патрабуецца 500 чалавек, пераважна для масоўкі. «Свабода» назірала за першым днём здымак.

Падрыхтоўка да здымкаў
Падрыхтоўка да здымкаў

На краме — савецкі сьцяг, на бараках — шыльды «Інтэрнат камвольнага камбінату»

Стваральнікі фільму абяцаюць гледачам перажываньне ўсяго спэктру пачуцьцяў.

«У фільме шмат драматычных, мэлядраматычных і трагічных ліній», — кажа рэжысэр Аляксей Мурадаў.

Аляксей Мурадаў
Аляксей Мурадаў

Стужка ахоплівае часавы прамежак за некалькі гадзін да выбуху, катастрофу і ліквідацыю яе наступстваў у першыя месяцы пасьля трагедыі. У кадрах будуць ліквідатары, урачы, вайскоўцы, Гарбачоў з Рыжковым, агенты савецкай і «штатаўскай» выведкі. «Будзем падрабязна паказваць, што было, празь лёс розных людзей і разважаць з гэтай нагоды», — заўважае рэжысэр.

У Мазыры маскоўскія кінэматаграфісты здымаюць блёк, непасрэдна зьвязаны з Чарнобылем.

«Мазыр — абсалютна кіношны горад, у якім можна здымаць і здымаць. Такіх, на жаль, мала засталося. І гэта ня толькі баракі, але і рэчка, масты, цэнтральная частка гораду», — хваліць Аляксей Мурадаў.

Баракі ў Мазыры
Баракі ў Мазыры

26 чэрвеня здымачная група працавала над эпізодамі з удзелам «урачоў» і «вайскоўцаў». На краму павесілі чырвоны савецкі сьцяг, на баракі — шыльды «Інтэрнат камвольнага камбінату». Шапікі з плястыку схавалі за старымі дошкамі. Па станцыі Мазыр туляліся з дазымэтрамі «вайскоўцы», на пагорку чакалі сваёй сцэны «лекары», рэкрутаваныя зь ліку мясцовага насельніцтва — работнік лясной гаспадаркі, фрэзэроўшчык і майстар з заводу. Сёньня яны будуць «ратаваць» аднаго з герояў фільму.

Жыхары станцыі зь цікаўнасьцю назіралі за здымкамі. У 90-я гады станцыя Мазыр мела кепскую славу — быў самы бандыцкі раён у горадзе. У мясцовых абвестках пра арэнду кватэры пазначалася: «Станцыю Мазыр не прапаноўваць!»

«70% былых зэкаў жылі тады ў нас! І „сматрашчы“ таксама быў з нашага раёну», — хваляцца мясцовыя. Кажуць, што цяпер цішэй. Уночы можна хадзіць спакойна. Сваім.

«Чужым таксама. Хай толькі паводзяць сябе нармальна», — усьміхаюцца жыхары.

Жыхары назіраюць за здымкамі
Жыхары назіраюць за здымкамі

«Тут усё сапраўднае ў вас! Мінімальная рэтуш — і ў добры шлях»

Выканаўчы прадусар Ірына Барк кажа, што масавыя здымкі, з удзелам ня менш як 200 чалавек, пройдуць на тэрыторыі мясцовай бальніцы ў ноч з 3 на 4 ліпеня. Гэта будзе сцэна эвакуацыі. Практыку набору актораў і дублёраў праз «УКантакце» яна лічыць нармальнай: «Так заўсёды працуем».

Кастынг-дырэктар Віталь Кулікоўскі ня бачыць асаблівых праблемаў у падборы актораў. Вось толькі з дублёрамі пакуль напружана. Напрыклад, цяпер шукаюць чалавека, падобнага на расейскага актора Аляксандра Феклістава.

Працоўны момант. Справа — рэжысэр Аляксей Мурадаў
Працоўны момант. Справа — рэжысэр Аляксей Мурадаў

«Цяжка знайсьці людзей, падобных тыпажом, прычоскай, ды і каб гарнітур асноўнага актора падышоў па памеры», — кажа кастынг-дырэктар. Ён разважае, што зь людзьмі «з вуліцы» працаваць лёгка і проста, бо яны зацікаўленыя. Твары падабраць, каб адпавядалі «духу часу», цяжка.

«Мы глядзім хроніку, здымкі тых гадоў. Твары адрозьніваюцца, цяпер іншыя. Цяжка патлумачыць, як менавіта зьмяніліся, але сучасныя — іншыя», — кажа Віталь Кулікоўскі.

Мастак Ігар Гембель-Зайкін на «выдатна» ацаніў станцыю Мазыр як «натуру».

Ігар Гембель-Зайкін
Ігар Гембель-Зайкін

«Тут у вас баракі прыгожыя, рака, вуліцы з патрэбным пакрыцьцём. Нам трэба дарогі да ЧАЭС здымаць — тут падобныя ёсьць да ТЭЦ. Месца нам падыходзіць і расьліннасьцю, і кліматам, і па адчуваньнях. Зноў жа — столькі рэліктавых будынкаў. Тут усё дыхае савецкім часам. Калі якія навабуды — ну будзе адчувацца нешта несапраўднае. А тут усё сапраўднае! Тут мінімальная рэтуш — і ўсё, у добры шлях», — кажа мастак.

Наогул у Беларусі яму падабаецца. Людзі тут «ветлівыя, добразычлівыя, ня сварацца на нас».

«Ну такі ў нас згустак энэргіі, ня ўсім падабаецца. Жылі людзі спакойна — тут прыехалі, палак нейкіх накідалі, зафарбавалі, павесілі нешта... Людзі па-рознаму ставяцца да нас. А тут, дзякаваць Богу, добразычліва. Наогул людзі ў вас добрыя, чыста вакол, але чаму так? Ахайна, парадак усюды. Іншыя людзі, так атрымліваецца?», — дапытваецца расейскі мастак.

Падрыхтоўка да здымкаў
Падрыхтоўка да здымкаў

«Зрабіце так, каб і я ў кіно трапіла!»

Пэнсіянэркі з чырвонага барака, які часова будзе інтэрнатам камвольнай фабрыкі, радуюцца ажыўленьню на вуліцы, але абвінавачваюць кіношнікаў у недакладнасьці мастацкай перадачы гістарычных падзей.

«А дзе ў Чарнобылі былі такія баракі, як у нас? Дзе? Былі мы ў Чарнобылі ў 80-х, нешта там такіх баракаў ня бачылі! Асабіста мне хочацца нечага сапраўднага, дакладнага ў кіно», — нэрвуецца пэнсіянэрка Вера Мікалаеўна.

Мясцовыя жыхары назіраюць за здымкамі
Мясцовыя жыхары назіраюць за здымкамі

Яна ўсё жыцьцё пражыла ў гэтых бараках. Пасьля аварыі на ЧАЭС пераяжджала зь сям’ёй у Казахстан, але потым вярнуліся.

Пэнсіянэрка Надзея Ермакавец у траўні адзначыла 92 гады. Гатовая і сёньня зьняцца ў кіно, бо мае досьвед. Гадоў трыццаць таму прымала ўдзел у здымках ваеннага фільму ў Мазыры.

«Зрабіце так, каб я і ў гэтае кіно трапіла!», — просіць нас пэнсіянэрка.

Надзея Ермакавец
Надзея Ермакавец

Пра Чарнобыль ёй было б цікава паглядзець, бо «сама ж чарнобыльская, і кніжачку (пасьведчаньне пацярпелай ад аварыі на ЧАЭС. — РС) маю».

«Каму Бог дасьць — столькі ён і будзе жыць, так і з тым Чарнобылем. Мы вунь каларадзкіх жукоў труцім-труцім — а яны жывуць, так і з намі пасьля радыяцыі. Але ж кіно нейкае трэба людзям паказваць», — разважае Надзея Ермакавец.

Уладзімір Яраславіцкі нарадзіўся тут, у бараках. Цяпер жыве непадалёк, у цагляным доме. Пра Чарнобыль кіно паглядзеў бы ахвотна — сам служыў у 30-кілямэтровай зоне.

Уладзімір Яраславіцкі (у кепцы)
Уладзімір Яраславіцкі (у кепцы)

«Прызвалі ў „партызаны“, што значыць у рэзэрв, у чэрвені 1986-га. Не адмовіўся — позва была з чырвонай рыскай. Там быў камбінат, каля вёскі Аранае. Адзежу пралі для байцоў, якія на станцыі тады былі. Я працаваў дзяжурным кіроўцам. Калі што зламалася — скочыў ноччу на „ЗІЛ“ і паімчаў. Ат, ня страшна было. Ведалі мы пра радыяцыю, але што маглі зрабіць?», — разводзіць рукамі пэнсіянэр. Паводле папераў ён ліквідатар. Але плёну з дакумэнтаў мала — ільготы даўно скасавалі.

«Буханкі» («УАЗікі») і «хуткія», шыльды «Інтэрнат» на бараках, людзі ў савецкай вайсковай форме і гарнітурах 80-х гадоў выдатна ўпісаліся ў «натуру» станцыі Мазыр.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG