Спыняецца праца па ўмацаваньні мытнага зьвязу Анкары і Брусэлю. Але дзякуючы пагадненьню па уцекачах у Турэччыны пакуль не адклікаюць статус кандыдата на ўваходжаньне ў Эўразьвяз, паведамляе DW.
Перамовы аб уваходжаньні Турэччыны ў склад Эўразьвязу прыпыненыя.
«Рада адзначае, што Турэччына аддаляецца ад Эўразьвязу. Перамовы аб сяброўстве Турэччыны практычна ў тупіку, і немагчыма разгледзець адкрыцьцё або закрыцьцё новых разьдзелаў», — гаворыцца ў выніковай заяве Рады Эўразьвязу, апублікаванай у аўторак, 26 чэрвеня, у Люксэмбургу.
Акрамя таго, спыняецца праца па ўмацаваньні мытнага зьвязу Анкары і Брусэлю.
Міністэрская заява была зробленая праз два дні пасьля перамогі турэцкага прэзыдэнта Рэджэпа Таіпа Эрдагана на выбарах кіраўніка дзяржавы: паводле афіцыйных вынікаў, ён атрымаў 52,5 адсотка галасоў выбарнікаў. Пасьля перамогі Эрдаган заявіў, што ня будзе ніякага адступленьня ад яго лініі захаваць Турэччыну ў статусе кандыдата на ўступленьне ў Эўрапейскі Зьвяз.
Крытыку Захаду выклікалі, перш за ўсё, адыход ад вяршэнства закона ў краіне, сытуацыя з правамі чалавека і свабодай выказваньня меркаваньняў, перасьлед журналістаў, праваабаронцаў і навукоўцаў.
Нягледзячы на жорсткія абвінавачваньні ў адрас Анкары, патрабаваньні Аўстрыі аб поўным спыненьні перамоваў аб уваходжаньні Турэччыны ў Эўразьвяз не знайшлі падтрымкі. У сувязі з гэтым у выніковую заяву ўвайшла толькі фармулёўка пра тое, што прагрэс можа быць дасягнуты толькі пасьля істотных зьменаў у палітыцы турэцкага кіраўніцтва. Перамовы фактычна зайшлі ў тупік, адзначаецца ў дакумэнце.
Адна з прычын, па якой за Турэччынай пакуль захоўваецца статус кандыдата на ўваходжаньне ў Эўразьвяз, — гэта складзенае паміж ёй і Эўразьвязам пагадненьне па ўцекачах. Згодна з дасягнутымі дамоўленасьцямі, Эўразьвяз ужо выплаціў Турэччыне тры з абяцаных шасьці мільярдаў эўра. Сродкі сярод іншага павінны выкарыстоўвацца на будаўніцтва школ і бальніц у Турэччыне. Аднак з 26 ўзгодненых праектаў рэалізавана менш за палову, а некаторыя яшчэ не пачатыя. У цэлым Турэччына прыняла амаль 3,6 мільёна ўцекачоў.