Закон аб выхадзе Вялікабрытаніі з складу Эўразьвязу ўступіў у дзеяньне: каралева Лізавета II у аўторак ухваліла гэтае рашэньне парлямэнту.
Пра гэта абвясьціў сьпікэр Палаты абшчынаў Джон Бэркоў.
У законе, аднак, ня ўтрымліваюцца канкрэтныя ўмовы выхаду Вялікабрытаніі з ЭЗ. Яны зьяўляюцца прадметам перамоваў паміж Лёнданам і Брусэлем, якія працягваюцца.
Закон прадугледжвае, што пасьля выхаду Вялікабрытаніі з ЭЗ, які намечаны на канец сакавіка 2019 году, спыніцца дзеяньне закону 1972 году аб далучэньні краіны да Эўрапейскай Супольнасьці, а права Эўразьвязу страціць вяршэнства над брытанскім правам. Урад Тэрэзы Мэй здолеў пазьбегнуць прыняцьця папраўкі наконт таго, што перад выхадам Брытаніі з ЭЗ у парлямэнце яшчэ пройдзе галасаваньне па гэтым пытаньні.
Праціўнікі выхаду з ЭЗ, аднак, заяўляюць, што працягнуць дамагацца паўторнага рэфэрэндуму па пытаньні аб Брэксыце. Днямі ў Лёндане прайшла масавая дэманстрацыя з патрабаваньнем паўторнага рэфэрэндуму.