Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ затрымаў галоўнага мэдыка Горадзенскай вобласьці


Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

Начальніка ўпраўленьня аховы здароўя Горадзенскага аблвыканкаму Андрэя Стрыжака затрымалі на мінулым тыдні. Пра гэта паведаміла газэта «Вечерний Гродно».

Затрыманьні мэдыкаў. Што важна ведаць

Што здарылася: Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі раскрыў карупцыйную схему ў сфэры закупак мэдтэхнікі.

  • 11 чэрвеня стала вядома пра затрыманьне дырэктара Цэнтру экспэртыз аховы здароўя Аляксандра Сталярова, а таксама ягонага намесьніка (за стварэньне для «сваіх пастаўшчыкоў» прывабных умоў паставак імпартнага мэдычнага абсталяваньня ў дзяржаўныя шпіталі і паліклінікі).
  • 18 чэрвеня «Ежедневник» паведаміў пра «масавыя затрыманьні ў структурах Мінздароўя» — больш за 10 чалавек — у межах апэрацыі аб пастаўках у беларускія мэдычныя ўстановы абсталяваньня па завышаных цэнах, паводле відавочна ашуканскіх схемаў.
  • Сярод затрыманых аказаўся кіраўнік мэдыцынскай службы Міністэрства абароны Аляксей Яськоў.
  • 19 чэрвеня МУС паведаміла пра затрыманьне галоўнага патолягаанатама Мінздароўя, кіраўніка гарадзкога клінічнага патолягаанатамічнага цэнтру Аркадзя Пучкова (за хабар цягам 10 год на суму каля 200 тысяч даляраў).
  • 25 чэрвеня СМІ паведамілі пра затрыманьне на мінулым тыдні галоўнага ўрача Менскай абласной лякарні Андрэя Каралько (нібыта за «перавышэньне службовых паўнамоцтваў») і начальніка ўпраўленьня аховы здароўя Горадзенскага аблвыканкаму Андрэя Стрыжака.
  • Паводле намесьніка генпракурора Беларусі Аляксея Стука, сфэра аховы здароўя лідзіруе па колькасьці карупцыйных злачынцаў: 114 за пяць месяцаў 2018 году.

Як стала вядома Стрыжака затрымалі на працоўным месцы, вывелі з кабінэта ў кайданках.

Калегі, зь якімі працаваў Андрэй Стрыжак, расказалі Свабодзе свае ўражаньні ад стылю кіраваньня гэтага чыноўніка.

Загадчыца адной з паліклінік Горадні адзначыла, што Стрыжак быў інтэлігентным, ветлівым, адразу пасьля свайго прызначэньня ў аблвыканкам прыслухоўваўся да лекараў, дапамагаў у іхных патрэбах.

Журналісты, якім давялося кантактаваць з Андрэем Стрыжаком, кажуць, што ад яго цяжка было атрымаць любую інфармацыю.

«Ён не казаў нічога, нічога лішняга. Званіць яму было бессэнсоўна, быў вельмі закрыты. Стрыманы, асьцярожны, прадумваў кожны крок і кожнае сваё выказваньне», — кажа журналістка.

Любоў да папярэдняга месца працы, дзіцячага шпіталю, паводле суразмоўцы, у яго засталася. Ён прыйшоў туды на адкрыцьцё новага хірургічнага корпуса, дастаў стары транспарант і сказаў, што яму столькі ж гадоў, колькі і самому шпіталю.

Іншая журналістка памятае, што ён крычаў на падначаленых.

«Пакуль я сядзела ў прыёмнай да яго (па тэлефоне ён інфармацыю не даваў), чула, як крычыць на ўсіх падначаленых», — кажа яна.

Працаваў на кіроўнай пасадзе больш за 7 год

Андрэй Стрыжак працаваў на пасадзе начальніка ўпраўленьня аховы здароўя Горадзенскага аблвыканкаму больш за 7 гадоў, з канца 2010 году.

Пры Стрыжаку ў Горадні адкрылася паліклініка ў мікрараёне Вішнявец (2017), прафэсарскі кансультацыйны цэнтар (2016), новы хірургічны корпус абласнога дзіцячага шпіталю (2014), станцыя пераліваньня крыві, якую будавалі 20 гадоў (2014), аднавілі інфэкцыйны шпіталь (2014). Але пры ім так і не пабудавалі самы сучасны ў Беларусі анкалягічны цэнтар, рэгулярна абяцаны цягам апошніх некалькіх гадоў. Пры Стрыжаку не адбылася рэканструкцыя былога чыгуначнага шпіталю, якая мелася скончыцца ў 2015 годзе, будынак прыходзіць у заняпад.

Падчас ягонага кіраваньня дактары і фельчары хуткай дапамогі пачалі зьбіраць подпісы пад пэтыцыяй аб паляпшэньні ўмоваў працы: пра заробкі, бясьпеку, недахоп кадраў (2014).

Стрыжаку 55 гадоў. Нарадзіўся 5 кастрычніка 1963 году ў Горадні. Скончыў мэдыцынскі інстытут у Горадні і Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь.

Працаваў тэрапэўтам, хірургам, траўматолягам у Магілёўскай і Горадзенскай абласьцях. З 2003-га займаў пасаду галоўнага ўрача абласнога дзіцячага шпіталю ў Горадні. Ягоны сын таксама мэдык, траўматоляг.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG