Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі пратэстуюць супраць пэнсійнай рэформы


Акцыя пратэсту ў Іркуцку 25 чэрвеня 2018 году
Акцыя пратэсту ў Іркуцку 25 чэрвеня 2018 году

У Іркуцку 25 чэрвеня прайшла акцыя пратэсту супраць падвышэньня пэнсійнага ўзросту ў Расеі. У акцыі ўдзельнічалі прадстаўнікі прафсаюзаў аховы здароўя, адукацыі, горна-мэталюргічнай, вугальнай, нафтавай прамысловасьці і іншыя. Пра гэта паведамляе сайт «Сибирь.Реалии».

Акцыя праходзіла ў фармаце пікету. На працягу ўсёй гадзіны, што доўжыўся пратэст, людзі бурна абмяркоўвалі паміж сабой ініцыятыву ўраду Расейскай Фэдэрацыі па павышэньні пэнсійнага ўзросту.

Пратэстоўцы трымалі ў руках плякаты: «Урад Мядзьведзева ў адстаўку!», «Прысуд працоўным: 5 і 8 гадоў бяз права адпачынку!», «Не вучыся, не хварэй! Адпрацаваў? Памірай!», «Хочам жыць на пэнсіі, а не паміраць!», «Кожны другі ня дажыве да пэнсіі», «Ня хочам працаваць да труннай дошкі!». Кіроўцы, якія праяжджалі побач, сыгналілі ўдзельнікам пікету, некаторыя на хаду крычалі: «Мы з вамі!».

Падчас пікету арганізатары зьбіралі подпісы пад зваротам да дэпутатаў Дзяржаўнай думы Расеі. Подпісы пад аналягічным дакумэнтам зьбіраюць у працоўных калектывах па ўсёй Іркуцкай вобласьці. Ліст плянуюць адправіць у Маскву 1 ліпеня.

Прадстаўнікі Савета Нацыянальна-патрыятычных сіл Расеі ў Іркуцкай вобласьці раздавалі ўдзельнікам пікету запрашэньні на мітынг «Урад Мядзьведзева ў адстаўку!», які адбудзецца ў Іркуцку 30 чэрвеня.

Законапраект, унесены ў Дзяржаўную думу Расеі, прадугледжвае паступовае павышэньне пэнсійнага ўзросту да 65 гадоў для мужчын і да 63 для жанчын. Акрамя таго, урад абвясьціў пра пляны павысіць падатак на даданую вартасьць, а ў выніку так званага «падатковага манэўру» у паліўнай сфэры экспэрты асьцерагаюцца росту коштаў на бэнзін. Пасьля гэтага рэйтынг прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна рэзка зьнізіўся.

У Беларусі таксама абмяркоўваецца магчымасьць чарговага падвышэньня пэнсійнага ўзросту — гэтым разам прапануюць павысіць пэнсійны ўзрост для жанчын.

Першае павышэньне пэнсійнага ўзросту ў Беларусі было абвешчана ў 2016 годзе. Тады пастанавілі павышаць пэнсійны ўзрост для жанчын і мужчын з 2017 году штогод на шэсьць месяцаў.

У выніку за 2017–2022 гады пэнсійны ўзрост жанчын вырасьце з 55 да 58 гадоў, а мужчын — з 60 да 63 гадоў.

Савет Рэспублікі аб павышэньні пэнсійнага ўзросту жанчын: гэта не адпрацаваная прапанова

З такой краіны ўцякуць нават тыя, хто ніколі не зьбіраўся зьяжджаць

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG