У Турэччыне напярэдадні выбараў прэзыдэнта і парлямэнту, якія пройдуць у нядзелю 24 чэрвеня, праходзяць масавыя мітынгі прыхільнікаў і праціўнікаў дзейнага прэзыдэнта Рэджэпа Эрдагана.
Вядучы апазыцыйны кандыдат Мухарам Інджэ ў суботу арганізаваў масавы мітынг у Стамбуле.
Напярэдадні на акцыю ў яго падтрымку ў горадзе Ізьмір сабраліся, па розных ацэнках, ад сотняў тысяч да двух з паловай мільёнаў чалавек. Прыхільнікі апазыцыі называюць гэтую акцыю найбуйнейшай у найноўшай гісторыі Турэччыны.
Інджэ — прадстаўнік Рэспубліканскай народнай партыі, пасьлядоўнікі якой абараняюць ідэі заснавальніка сучаснай турэцкай дзяржавы Мустафы Кемаля Атацюрка. Па апытаньнях, ён адстае ад Эрдагана, аднак мае добрыя шанцы на выхад у другі тур, у якім — у выпадку аб’яднаньня апазыцыі — можа апярэдзіць дзеючага прэзыдэнта.
Сярод апазыцыйных кандыдатаў таксама Селахацін Дземірташ, якога падтрымліваюць турэцкія курды. Ён зараз знаходзіцца ў зьняволеньні.
Прыхільнікі Эрдагана таксама праводзяць масавыя акцыі па ўсёй краіне.
Прэзыдэнт Турэччыны апэлюе да свайго палітычнага вопыту, сьцьвярджаючы, што ўжо 15 гадоў прадстаўляе краіну на міжнароднай арэне. Па гэтым паказчыку — як сказаў Эрдаган на адным з мітынгаў — зь ім можа параўняцца толькі Ўладзімір Пуцін.
Прыхільнікі апазыцыі асьцерагаюцца фальсыфікацый — ва ўмовах сілавога ціску з боку ўладаў. У суботу было абвешчана аб арышце некалькіх дзясяткаў чалавек, улады заяўляюць, што яны зьвязаныя з прапаведнікам Фетхулахам Гюлэнам, які жыве ў ЗША і якога абвінавачваюць у падрыхтоўцы спробы перавароту ў 2016 годзе.