«Мы на фронце. Ня вытрымаем гэтыя гады, правалімся, — значыць трэба будзе ці ў склад якойсьці дзяржавы ісьці, ці аб нас проста будуць выціраць ногі, а ня дай бог — разьвяжуць яшчэ вайну, як ва Ўкраіне».
Гэтая пагрозьлівая заява вынікла з развагаў Аляксандра Лукашэнкі пра адказнасьць за выкананьне пастаўленых задач падчас нарады ў Шклоўскім раёне 22 чэрвеня.
Пачалося з таго, што Лукашэнка запатрабаваў, каб звольнены за парушэньні кіраўнік ня мог больш уладкавацца на кіроўную пасаду, а рабіў паводле сваёй працоўнай спэцыяльнасьці.
«Зрабіце так, каб ён, ударыўшы капытом, звольніўся, каб ён узяў заўтра рыдлёўку — ну і максымум працаваў па спэцыяльнасьці. Калі настаўнік, і здатны, — ідзі ў школу працуй, калі ты ў райана ці райвыканкаме ня даў рады. Калі ты аграном — добра, трэцім-пятым аграномам ідзі працуй.
За парушэньне тэхналёгіяў у асобных краінах у турму саджаюць. Я ўжо не кажу, што ўласьнік гэтага чалавека трымаць ня будзе ніводнага дня. Таму ўгаворы... Ну, слухайце, мы не ў савецкія часы жывём, калі зьбіраліся на пленуме і адзін аднога ўгаворвалі. Калі мы ня будзем такім чынам будаваць нашыя адносіны, мы хутка пойдзем па сьвеце без штаноў. Прыйшлі раніцай на плянёрку (ці вечарам вы праводзіце, ня ведаю, гэта вашая справа) — намецілі: „гэта зрабіць“. І гэта павінна быць зроблена жалезабэтонна! Прычына адна невыкананьня — сьмерць».
Тут кіраўнік дзяржавы зрабіў паўзу.
«Мы на фронце. Ня вытрымаем гэтыя гады, правалімся, — значыць трэба будзе ці ў склад якойсьці дзяржавы ісьці, ці аб нас проста будуць выціраць ногі, а ня дай бог — разьвяжуць яшчэ вайну, як ва Ўкраіне».
На момант публікацыі гэтых слоў не было ў афіцыйнай справаздачы на прэзыдэнцкім сайце.