22 чэрвеня ў Менску скончыў працу нефармальны міністэрскі саміт краін праграмы «Ўсходняга партнэрства». Па яго выніках міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей і эўракамісар у палітыцы добрасуседзтва Эўразьвязу Яганэс Ган правялі супольную канфэрэнцыю.
Абодва палітыкі заявілі, што ўжо сёлета Брусэль і Менск падпішуць пагадненьне «Аб прыярытэтах партнэрства паміж Рэспублікай Беларусь і Эўрапейскім Зьвязам». У прыватнасьці, эўракамісар у гэтым упэўніўся падчас размовы з Аляксандрам Лукашэнкам.
«Пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам, пасьля размовы з вашым міністрам я ўпэўнены, што мы гэтае пагадненьне падпішам сёлета», — сказаў ён.
Гэткую самую ўпэўненасьць выказаў і Ўладзімер Макей. Ён заўважыў, што «адчувальныя, праблемныя пытаньні ў дачыненьнях Менску і Брусэля застаюцца. Але мы іх будзем вырашаць, разумеючы, што нешта можна вырашыць ужо заўтра, а нешта ў пазьнейшай пэрспэктыве».
«Пагадненьне аб партнэрстве» дапаможа Беларусі больш шчыльна працаваць з Эўразьвязам. І прынясе канкрэтныя палёгкі звычайным жыхарам.
Эўракамісар: апошні кілямэтар мы гатовыя ня проста прайсьці, а прабегчы
«Пагадненьне аб партнэрстве» паскорыць і падпісаньне двух дакумэнтаў, якіх у Беларусі чакаюць ужо шмат гадоў: аб паслабленьні візавага рэжыму і аб рэадмісіі. Сёньня беларусам даводзіцца плаціць 60 эўра за атрыманьне шэнгенскай візы. У пэрспэктыве цана можа павялічыцца да 80, бо так вырашыў Брусэль — узьняць кошт візы для тых краін, якія ня маюць пагадненьня аб партнэрстве з Эўразьвязам. Два пагадненьні здымуць шэраг пытаньняў, і кошты візаў для беларусаў не павялічацца, а зьменшацца.
Эўракамісар Ган сказаў, што пасьпяшацца можна: «Я не хачу камэнтаваць працэс, які ідзе. Але апошні кілямэтар у нашых перамовах мы можам ня проста прайсьці, а прабегчы».
«Але такое магчыма пры поўным жаданьні з абодвух бакоў», — падкрэсьліў эўракамісар, паўтарыўшы гэта двойчы.
Міністар: за апошнія 2–3 гады дачыненьні з Эўразьвязам палепшыліся болей, чым за папярэднія 20
Даючы агульную ацэнку праграме, Уладзімер Макей сказаў: «За апошнія 2–3 гады мы дасягнулі ў гэтым кірунку больш, чым за папярэднія 20 гадоў».
Ён адзначыў, што Беларусь значна палепшыла свае дачыненьні зь фінансавымі ўстановамі Эўрапейскага Зьвязу. У прыватнасьці, Беларусь пераведзеная з 7-й групы рызыкі ў 6-ю. І гэта дае магчымасьць лягчэй атрымліваць з Эўропы фінансы, якія ідуць на будаўніцтва дарог, уцяпленьне дамоў, экалёгію ды іншае.
Наступным крокам стане зьняцьцё бар’ераў перад беларускай прадукцыяй на рынках Эўразьвязу. З гэтай нагоды кіраўнік замежнапалітычнага ведамства анансаваў прыезд у жніўні ў Беларусь эўракамісара Віцюнаса Андрукайціса.
«Канечне, тут больш залежыць ад працы нашых прадпрыемстваў, ад іх здольнасьці ствараць канкурэнтаздольную прадукцыю. Але калі існуюць нейкія бар’еры, то з дапамогай эўракамісара мы паспрабуем іх зьняць», — сказаў Уладзімер Макей.
Эўразьвяз павялічыць фінансаваньне краін «Усходняга партнэрства»
Макей і Ган расказалі таксама пра пэрспэктывы паляпшэньня працы праграмы «Ўсходняга партнэрства». У Брусэлі вырашылі павялічыць фінансаваньне гэтага праекту. Эўракамісар назваў дзьве красамоўныя лічбы: калі да 2020 году інвэстыцыі краінам «Усходняга партнэрства» складуць 3 мільярды эўра, то да 2030 году яны вырастуць да 9 мільярдаў.
Асаблівая падтрымка, як у эўра, так і ў нацыянальных валютах, адрусуецца малому і сярэдняму бізнэсу. Шмат новых праграм будзе зарыентавана на адукацыю і патрэбы моладзі. Бліжэйшым часам яны ахопяць каля 23 тысяч маладых людзей.
У Менску пройдзе філіял знакамітай Мюнхэнскай канфэрэнцыі
Наступная сустрэча ў рамках нефармальных міністэрскіх дыялёгаў краін «Усходняга партнэрства» адбудзецца ў Баку і будзе прысьвечаная гандлю і транспарту. А на пытаньне, калі нефармальны міністэрскі саміт зноў адбудзецца ў Менску, Уладзімер Макей запэўніў: «Мы гатовыя прадставіць сваю пляцоўку ў любы момант, як толькі на гэта будзе жаданьне партнэраў».
Міністар паўтарыў сваю вядомую тэзу, што Менск не шукае ад сваіх пляцовак каньюнктурных выгодаў. Матыў Беларусі у тым, што стабільнасьць у рэгіёне адчыняе добрыя магчымасьці для супольнай працы.
Макей упершыню праанансаваў новае надзвычай важнае мерапрыемства на беларускай тэрыторыі. Напрыканцы кастрычніка ў Менску адбудзецца «Сустрэча асноўнай групы Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы». Як сказаў кіраўнік замежнапалітычнага ведамства Беларусі, «Мы спадзяёмся, што тут зьбяруцца нават прадстаўнікі тых канфліктуючых бакоў, якія цяпер разам не зьбіраюцца».