Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрскі саміт «Усходняга партнэрства» ў Менску пачаўся зь лічбавай эканомікі


Міністэрства замежных спраў Беларусі
Міністэрства замежных спраў Беларусі

21 чэрвеня ў Менску адкрыўся нефармальны міністэрскі саміт краін –удзельніц ініцыятывы Эўрапейскага Зьвязу «Ўсходняе партнэрства».

Паколькі першы дзень міністэрскіх дыялёгаў прысьвячаецца лічбавай эканоміцы, то беларускую дэлегацыю сёньня ачольваў міністар сувязі і інфарматызацыі Сяргей Папкоў. Ён і ягоныя калегі з профільных міністэрстваў Азэрбайджану, Армэніі, Грузіі, Малдовы, Украіны, а таксама эўракамісар лічбавай эканомікі ЭЗ Марыі Габрыэль абмеркавалі магчымасьці гарманізацыі лічбавых рынкаў Эўразьвязу і краін-партнэраў. У прыватнасьці размова вялася пра кібэрбясьпеку, разьвіцьцё шырокапалоснага інтэрнэту і збліжэньне тарыфаў на мабільны роўмінг.

Пагадненьне пра роўмінг плянуюць падпісаць напрыканцы 2020 году

Адно з галоўных пытаньняў — зьмяншэньне кошту тэлефонных размоваў. Як заявіў Сяргей Папкоў, яно будзе вырашана ў два этапы. Спачатку (да канца 2018 году) падрыхтуюць дарожную мапу, а ў канцы 2020 году плянуецца падпісаньне дамовы пра гарманізацыю цэнаў на роўмінгавыя паслугі ў краінах «Усходняга партнэрства».

«Паступова роўмінгавыя тарыфы максымальна зблізяцца з нацыянальнымі тарыфамі ўнутры краін. А калі хтосьці лічыць, што гэта вельмі доўга, то нагадаю: Эўразьвяз вырашаў гэтую праблему 10 гадоў», — удакладніў беларускі міністар.

Кіраўнік нацыянальнай камісіі ў пытаньнях рэгуляваньня сувязі і інфарматызацыі Ўкраіны Аляксандар Жыватоўскі сказаў, што на падставе гэтага пагадненьня краіны «Ўсходняга партнэрства» змогуць пачаць перамовы з Брусэлем пра падпісаньне аналягічнай дамовы з краінамі Эўразьвязу.

Кіраўнікі замежнапалітычных ведамстваў свой саміт праводзяць 22 чэрвеня

На гэтым сэгмэнце нефармальнага міністэрскага саміту беларускую дэлегацыю ўзначаліць міністар замежных спраў Уладзімер Макей. Ён і ягоныя калегі з шасьці краін абмяркуюць сытуацыю ў рэгіёне і пэрспэктывы праграмы «Ўсходняе партнэрства», найперш скіраваныя на практычныя вынікі.

Чакаецца, што Менск наведаюць міністры з Азэрбайджану і Армэніі, намесьнік міністра з Грузіі і дзяржсакаратар у рангу намесьніка міністра з Малдовы. Пакуль няма дакладнай інфармацыі аб прадстаўніцтве з Украіны.

Эўразьвяз на саміце прадставяць эўракамісар ў эўрапейскай палітыцы суседзтва Ёганэс Ган і намесьнік генэральнага сакратара Эўрапейскай службы вонкавых дзеяньняў Жан-Крыстоф Бэльяр.

Што такое нефармальныя дыялёгі «Ўсходняга партнэрства»?

Яны праводзяцца з 2012 году. Фармат іх прадугледжвае ўдзел міністраў замежных спраў плюс кіраўніка аднаго з галіновых ведамстваў, паколькі кожны раўнд мае індывідуальную галіновую тэматыку. Падобных сустрэч ужо адбылося дзевяць. У Менску такі дыялёг праходзіць другі раз (першы — у 2015 годзе, з абмеркаваньнем праблем экалёгіі).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG