Беларусь у 2019–2025 гадах плянуе накіраваць на абслугоўваньне і пагашэньне зьнешняга і ўнутранага дзяржаўнага доўгу 23,46 мільярдаў даляраў. Агенцтва БелаПАН прыводзіць гэтыя зьвесткі, спасылаючыся на Міністэрства фінансаў — праспэкт эмісіі эўрабондаў.
Выплаты па зьнешнім дзяржаўным доўгу павінны скласьці 19,1 млрд даляраў, па ўнутраным — 4,36 млрд.
Пры гэтым у 2019–2023 гадах плацяжы па дзярждоўгу складуць 18,5 млрд даляраў:
у 2019 годзе — 3,6 млрд даляраў, у 2020-м — 3,78 млрд, у 2021-м — 3,54 млрд, у 2022-м — 3,6 млрд, у 2023-м — амаль 4 млрд даляраў.
У 2024–2025 гадах, як чакаецца, плацяжы па ўнутраным і зьнешнім дзярждоўгу зьнізяцца да 2,59 і 2,36 млрд даляраў адпаведна.
Па дадзеных Міністэрства фінансаў, у 2018 годзе на пагашэньне і абслугоўваньне дзярждоўгу будзе накіравана 3,6 мільярда даляраў, у тым ліку 2,4 млрд даляраў зь недаўгавых крыніцаў.
Пік выплатаў па абслугоўваньні замежнай запазычанасьці прыпаў для Беларусі на 2015 год — тады гэтыя выплаты перавысілі 5 млрд даляраў. Летась на гэтыя выплаты пайшло менш за 1,5 млрд даляраў.