Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першая жанчына-кіраўніца Міжнароднай касьмічнай станцыі пакінула NASA


Пэгі Ўітсан
Пэгі Ўітсан

На пэнсію пайшла Пэгі Ўітсан, якая правяла ў космасе больш часу, чым любы іншы амэрыканскі астранаўт. Уітсан правяла ў космасе 665 дзён, прапрацаваўшы ў трох асобных касьмічных экспэдыцыях, паведамляе Голас Амэрыкі.

Уітсан была першай жанчынай, якая кіравала Міжнароднай касьмічнай станцыяй — яна займала гэтую пасаду двойчы. Яна таксама стала самай старэйшай паводле ўзросту жанчынай, якая калі-небудзь лётала ў космас. З 2009 па 2012 год Уітсан узначальвала атрад астранаўтаў, таксама стаўшы першай жанчынай, якая займала гэтую пасаду.

«Для мяне было вялікім гонарам ажыцьцявіць мару ўсяго майго жыцьця, стаўшы астранаўткай NASA», — напісала Ўітсан у «Твітэры». Яна падзякавала «усім, хто падтрымліваў яе ў дарозе» і сказала, што «яе падарожжа з NASA было проста незямным!».

Уітсан, якой 58 гадоў, паводле адукацыі біяхімік. Яна вырасла ў штаце Аёва. На працу ў NASA яна паступіла ў 1986 годзе ў якасьці дасьледчыцы і стала астранаўткай толькі праз 10 гадоў. У верасьні мінулага году Ўітсан зьдзейсьніла свой апошні касьмічны палёт, які доўжыўся каля дзесяці месяцаў. Падчас гэтай місіі Ўітсан і іншыя члены экіпажа правялі сотні навуковых экспэрымэнтаў.

Даўжэй Пэгі Уітсан у космасе знаходзіліся толькі расейскія касманаўты. Сусьветны рэкорд належыць Генадзю Падалку, які правёў у космасе 879 дзён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG