Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У першую клясу па-горадзенску. Болей жадаючых вучыцца па-польску, чым па-беларуску


Школа № 36 з польскай мовай навучаньня ў Горадні
Школа № 36 з польскай мовай навучаньня ў Горадні

Дзеля месца ў польскамоўнай школе на Горадзеншчыне бацькі дзяжураць ноччу, як і каля гімназій. Няма пэўнасьці, што трапяць усе. У беларускамоўныя клясы ахвотных значна менш, хоць і за іх бацькі мусяць пазмагацца.

Абяцалі прыняць усіх, але невядома, на якіх умовах

У Беларусі дзьве школы з польскай мовай навучаньня, абедзьве ў Горадзенскай вобласьці — у Горадні і ў Ваўкавыску. У першай вучыцца менш за 600 вучняў, у другой — менш за 300. Для параўнаньня, летась у Горадзенскай вобласьці навучалася агулам каля 111 тысяч школьнікаў. То бок, па-польску вучылася меней за 1% дзяцей. Пры гэтым колькасьць тых, хто лічыць сябе палякамі ў Горадні, складае амаль 20%.

Шыльда на ўваходзе ў горадзенскую школу № 36 з надпісамі па-беларуску і па-польску
Шыльда на ўваходзе ў горадзенскую школу № 36 з надпісамі па-беларуску і па-польску

У горадзенскай школе № 36 у апошнія тры гады існавала абмежаваньне: можна набраць ня болей за дзьве першыя клясы. Сёлета на пачатку чэрвеня на бацькоўскім сходзе для бацькоў будучых першаклясьнікаў прадстаўніца ўпраўленьня адукацыі Галіна Курганская запэўніла, што прымуць дакумэнты ва ўсіх.

Сёлета ўлады абяцалі прыняць у першыя клясы ўсіх жадаючых навучацца па-польску
Сёлета ўлады абяцалі прыняць у першыя клясы ўсіх жадаючых навучацца па-польску

Сёлета ўлады абяцалі прыняць у першыя клясы ўсіх жадаючых навучацца па-польску

«Сёлета мы шмат рабілі, каб усіх жадаючых дзяцей прынялі ў першую клясу. Мы зьбіралі подпісы. Дасылалі іх у аддзел адукацыі Ленінскага раёну Горадні і ў Міністэрства адукацыі», — кажа Свабодзе кіраўнічка галоўнай Рады непрызнанага ўладамі Саюза палякаў у Беларусі Анжаліка Арэхва.

Анжаліка Арэхва
Анжаліка Арэхва

На сходзе былі бацькі 75-76 будучых першаклясьнікаў. Гэтыя дзеці хадзілі цягам году на падрыхтоўчыя заняткі да першай клясы «польскай» школы. Столькі ж чалавек прынесьлі ў школу дакумэнты ў першы дзень. Праўда, каля гэтай школы дзяжурстваў ноччу не было.

Бацькі перажываюць, што калі будзе шмат жадаючых, то ўсім ня хопіць месца ў польскамоўнай школе
Бацькі перажываюць, што калі будзе шмат жадаючых, то ўсім ня хопіць месца ў польскамоўнай школе

Гэтая колькасьць дзяцей — на тры клясы. Магчымасьць падаць заяву існуе да 28 жніўня, то бок ахвотных можа паболець. Пры гэтым улады не ўдакладнілі, ці будзе тры клясы, ці ўсіх дзяцей падзеляць на дзьве. Таму бацькі застаюцца ў няпэўнасьці, што да прыёму дзяцей і ўмоваў іхняга навучаньня.

«Улады казалі, што будуць глядзець, колькі будзе ахвотных. Таму невядома, што будзе канкрэтна», — кажа Анжаліка Арэхва.

Дзяжурылі ноччу, складалі сьпісы

У «польскай» школе № 8 у Ваўкавыску сытуацыя больш напружаная. Туды плянуюць набраць толькі адну першую клясу з 18 чалавек. Там абмежаваньні дыктуе нават невялікі памер школы. Сёлета выпускаецца адна адзінаццатая кляса — значыць, прымуць толькі адну першую. Інакш для ўсіх ня хопіць кабінэтаў. Самыя памяшканьні клясаў дазваляюць рассадзіць ня болей за 18 вучняў.

Школа з польскай мовай навучаньня ў Ваўкавыску Горадзенскай вобласьці
Школа з польскай мовай навучаньня ў Ваўкавыску Горадзенскай вобласьці

Бацькі пачалі самастойна складаць сьпісы загадзя. Дзяжурылі ноччу пад школай, каб не прапусьціць сваё месца ва ўмоўнай чарзе. У першы дзень заяў было болей, чым месцаў.

«У першы дзень прыёму дакумэнтаў я бачыла ў сьпісе 25 прозьвішчаў. Магчыма, іх будзе яшчэ болей. У першых 18 прынялі дакумэнты цалкам, у рэшты — толькі заявы. Ці возьмуць астатніх, відаць, вырашыцца толькі напрыканцы лета», — кажа маці аднаго з патэнцыйных першаклясьнікаў.

Жадаючых вучыцца па-польску можа быць болей

Прадстаўнікі польскай супольнасьці мяркуюць, што калі б не такія абмежаваньні і няпэўнасьць, жадаючых вучыцца па-польску было б яшчэ болей.

«Калі мая дачка ішла ў першую клясу два гады таму, то ў апошні момант мы перадумалі туды аддаваць дакумэнты з-за гэтай няпэўнасьці. Думаю, што такая нэрвовая сытуацыя ўплывае, што менш бацькоў туды ідзе», — тлумачыць Анжаліка Арэхва.

Цікава, што ў «польскія» школы ідуць ня толькі дзеці тых, хто вызнае сябе палякамі паводле нацыянальнасьці. Некаторыя імкнуцца туды, каб вучыцца разам зь сябрамі або са старэйшымі братамі, сёстрамі. Іншыя — з прычыны камэрнасьці такіх школ.

«Плюс у тым, што маленькая школа. Усе дзіця ведаюць. Яно добра арыентуецца. Няма такога стрэсу ў першай клясе. Усё па-хатняму», — кажа гарадзенка Ганна, якая аддае дзіця ў першую клясу школы № 36, старэйшы ейны сын вучыцца там жа.

Аднак усё ж прыярытэтам сярод прычын застаецца веданьне польскай мовы, традыцый і мажлівасьць паступіць у польскую ВНУ, хоць ня ўсе загадваюць так далёка.

«Я сама 11 год вучыла польскую мову. Мне ў жыцьці гэта толькі дапамагала. Ці будуць дзеці паступаць у Польшчу — загадваць вельмі далёка. У першую чаргу буду ўлічваць цікаўнасьці дзіцяці», — працягвае Ганна.

Маці мяркуе, што нават калі дзеці захочуць стаць беларускімі студэнтамі, то навучаньне па-польску ня стане перашкодай, калі добра рыхтавацца.

Іншая маці першаклясьніка з Ваўкавыска мяркуе, што момант паступленьня тут адзін з самых істотных.

«У Польшчы можна падаваць дакумэнты адначасова ў чатыры ўстановы. Прычым унутры аднаго ўнівэрсытэта можна спрабаваць прайсьці адразу на некалькі факультэтаў, акрэсьліваючы прыярытэтны накірунак», — кажа жанчына.

Анжаліка Арэхва перакананая ў нацыянальнай арыентаванасьці вучняў і іхных бацькоў.

«Школы ў Горадні і Ваўкавыску — гэта толькі дзьве школы, дзе дзеці могуць вывучаць, пазнаваць свае нацыянальныя традыцыі, сьвяты па-за хатай. Для іх гэта адзіная магчымасьць, каб вучыцца на польскай мове», — кажа прадстаўніца неафіцыйнага Саюза палякаў.

У той жа час, старшыня Горадзенскай абласной Рады ТБМ Віктар Парфёненка мяркуе, што «польскія» школы абіраюць збольшага дзеля эканамічнай карысьці, каб мець шанец вучыцца і працаваць у Польшчы.

«Няма патрыятызму», — кажа ён адваротнае Арэхве меркаваньне пра беларусаў.

Віктар Парфёненка
Віктар Парфёненка

Беларускамоўныя школы часта фэйкавыя

Зь беларускамоўным навучаньнем сытуацыя іншая. Жадаючых навучацца па-беларуску значна менш. А тым адзінкам, хто хоча, давядзецца пазмагацца за гэта.

У Горадні няма беларускамоўных школ. Беларускамоўныя клясы ў рускамоўных школах (у пачатковых клясах і часткова ў сярэдніх) працуюць у дзьвюх школах — № 32 і № 34. Колькі ў вобласьці беларускамоўных школ і колькі агулам дзяцей навучаецца па-беларуску. невядома.

Намесьнік старшыні Горадзенскай абласной Рады ТБМ Алесь Крой кажа, што ўлады апошнім часам не даюць такія лічбы. Некалькі год таму, колькасьць беларускамоўных школьнікаў сягала тысячы. Вядома, што цяпер каля ста дзяцей выхоўваюцца па-беларуску ў дзіцячых садках.

Алесь Крой
Алесь Крой

Беларускамоўныя клясы нашмат меншыя, чым рускамоўныя або польскамоўныя, — каля 10 вучняў. Дзеля 1-2 беларускамоўных дзяцей адкрываць цэлую клясу ня хочуць. Не хапае настаўнікаў, якія добра валодаюць беларускай мовай. Часта беларускамоўныя школы — фэйк, то бок існуюць толькі на паперы, а насамрэч, там выкладаюць па-руску, адзначае праблемы Алесь Крой.

Віктар Парфёненка кажа, што ТБМ праводзіла адукацыйныя размовы з бацькамі першаклясьнікаў на школьных сходах, заахвочваючы аддаваць дзяцей вучыцца па-беларуску. Але сёлета вядома пакуль толькі пра шэсьць дзяцей, якія выхоўваліся ў беларускамоўнай групе дзіцячага садка і плянуюць надалей вучыцца па-беларуску.

Хутчэй за ўсё, усе яны трапяць у школы № 32 або № 34, дзе шмат год адкрываюцца такія клясы. Некаторых гэта пазбаўляе магчымасьці вучыцца на роднай мове блізка ад дому, а некаторых — навучаньня ў гімназіі.

Маці першаклясьніцы, якая плянавала вучыцца па-беларуску, кажа, што яны геаграфічна адносяцца да гімназіі. Аднак калі яна пазначыла ў анкеце беларускую мову навучаньня, кіраўніцтва школы папярэдзіла: такіх дзяцей накіроўваем у агульнаадукацыйныя школу № 32 або № 34.

Праўда, аднаму бацьку некалькі год запар удаецца знаходзіць кампраміс з уладамі. Двое сыноў гарадзенца Ігара Кузьмініча вучацца ў гімназіі. Штогод ён адстойвае права дзяцей вучыцца па-беларуску менавіта ў гімназіі. Для іх стварылі так званы беларускамоўны маршрут: частку прадметаў яны вучаць разам зь іншымі па-расейску, кшталту расейскай мовы і літаратуры, замежнай мовы, заняткаў па фізычнай культуры, на іншых — займаюцца з настаўніка асобна па-беларуску.

Ігар Кузьмініч
Ігар Кузьмініч

Алесь Крой кажа, што саступку для дзяцей Ігара робяць, магчыма, таму, што яны сярод лепшых вучняў гімназіі. Да таго ж, бацька шмат змагаецца за гэтае права. Аднак, такая барацьба патрабуе шмат эмацыйных высілкаў.

«Хто больш актыўны, той дамагаецца», — думае намесьнік старшыні абласной Рады ТБМ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG