У Беларусі пачаўся экспэрымэнт з дыстанцыйным зьняцьцем паказчыкаў вады. Пра гэта 13 чэрвеня паведаміў журналістам начальнік аддзелу Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Генадзь Аксьціловіч.
«У Менску вызначылі 6 шматкватэрных дамоў, дзе паказаньні зь лічыльнікаў халоднай і гарачай вады ўжо здымаюцца аўтаматычна. Для гэтага няма неабходнасьці наведваць кватэры, каб спраўджваць заяўленыя жыльцамі лічбы. Аўтаматы робяць гэта дыстанцыйна. Калі экспэрымэнт атрымаецца, то паступова будзім пераводзіць на такія ўмовы ўвесь жылы фонд краіны», — заявіў чыноўнік.
Генадзь Аксьціловіч дадаў, што экспэрымэнт з вадой — гэта толькі пачатак комплекснага пераходу да дыстанцыйнага зьняцьця паказьнікаў з розных лічыльнікаў. Наперадзе — гэткі самы экспэрымэнт зь цяплом, электрычнасьцю і газам.
У некаторых дамах гарачую ваду адключаюць на 9, а то і на 5 дзён
Чыноўнік паведаміў, што цяпер плянавае адключэньне гарачай вады не павінна перавышаць 14 дзён. Аднак ёсьць выпадкі, калі неабходную працу ў прафіляктыцы сеткі праводзяць за 9, а то і за 5 дзён.
«Мы працуем над тым, каб скараціць нарматыўны двухтыднёвы пэрыяд», — заявіў Генадзь Аксьціловіч.