Гэтак пракамэнтаваў намесьнік міністра замежных справаў Армэніі Рубэн Рубіньян інфармацыю пра тое, што беларускія ракетныя комплексы «Палянэз» паступілі на ўзбраеньне арміі Азэрбайджану.
У інтэрвію армянскай службе Радыё Свабода спадар Рубіньян заявіў:
«Улічваючы тое, што Беларусь зьяўляецца сяброўскай для нас краінай, удзельнічае разам з намі ў шэрагу шматбаковых фарматаў і мае саюзьніцкія абавязаньні, для нас вельмі сумна, што Беларусь прадае зброю дзяржаве, якая знаходзіцца з намі ў канфлікце. І я лічу, што мы, як раней, так і ў будучыні падымем гэтыя пытаньні адпаведным чынам. Лічу, што гэта ня так ужо лягічна, улічваючы існыя паміж Армэніяй і Беларусьсю дружалюбныя і саюзьніцкія адносіны».
Летась падчас візыту ў Менск міністра абароны Азэрбайджану Закіра Гасанава Аляксандар Лукашэнка заявіў: «Не хачу ні перад кім апраўдвацца, які характар носіць наша супрацоўніцтва. Хачу толькі сказаць адно, што нашыя адносіны ні ў якім разе не парушаюць ніводную міжнародную дамову, ніводную рэзалюцыю Рады бясьпекі і ААН».