Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Паеў супчык, выклікаў таксі і паехаў забіваць Бабчанку», — наняты для забойства расейскага журналіста


Пастановачны здымак забойства Бабчанкі
Пастановачны здымак забойства Бабчанкі

Украінец Аляксей Цымбалюк, які сьцьвярджае, што быў наняты для забойства расейскага журналіста Аркадзя Бабчанкі, распавёў у гутарцы з BBC, што знаёмы зь меркаваным арганізатарам замаху Барысам Германам з 2015 году.

Той не казаў яму, хто замоўнік забойства журналіста, аднак сам ён упэўнены, што за гэтым стаяць расейскія спэцслужбы, заявіў Цымбалюк.

Ён таксама расказаў, што ў 2006 годзе пастрыгся ў манахі, аднак служэньне яму забаранілі. У жніўні 2014 году Цымбалюк паехаў у зону канфлікту на ўсходзе Ўкраіны. Там ён і пазнаёміўся з супрацоўнікам Службы бясьпекі Ўкраіны, да якога і зьвярнуўся, калі атрымаў заказ на забойства Бабчанкі.

Паводле Цымбалюка, падазраваны ў арганізацыі замаху на журналіста Герман «зьвязаны са зброяй, зь яе вытворчасьцю» і прадаваў яе, у тым ліку добраахвотніцкім батальёнам. Заказ на забойства Бабчанкі, як сьцьвярджае Цымбалюк, паступіў яму 6 красавіка. Тады ж Герман расказаў яму пра сьпіс з 30 чалавек, якія «перашкаджаюць Украіне» і якіх «трэба забіць» да восені, на што «пэўнай групай асобаў выдзелены бюджэт». Цымбалюк, паводле яго, параіўся з супрацоўнікамі СБУ і прызначыў за забойства ўзнагароды ў 30 тысяч даляраў. Ён атрымаў аванс 14 тысяч даляраў.

Пасьля Герман сказаў Цымбалюку, што сьпіс вырас да 60 чалавек. Сам сьпіс ён ня бачыў. Пасьля інсцэнаваньня забойства Бабчанкі Службы бясьпекі Ўкраіны паведамілі, што ёй удалося атрымаць сьпіс з 47 патэнцыйных ахвяраў — украінскіх журналістаў і грамадзкіх дзеячаў.

Цымбалюк распавёў, што з самім Бабчанкам пазнаёміўся за два-тры дні да «забойства». Дзень «замаху» ён апісаў коратка: «Паеў супчык, выклікаў таксі і паехаў забіваць Бабчанку». Калі Цымбалюк падняўся ў кватэру журналіста, той ужо ляжаў загрымаваны, паведаміў Цымбалюк у гутарцы з BBC.

Раскрыць сваю асобу Цымбалюк вырашыў зь меркаваньняў ўласнай бясьпекі — яму патрэбен быў «пэўны ўзровень публічнасьці і агалоскі» каб яго «не прыбралі».

29 траўня Служба бясьпекі Ўкраіны паведаміла, што журналіст Аркадзь Бабчанка быў забіты на парозе сваёй кватэры ў Кіеве. На наступны дзень стала вядома, што журналіст жывы. Ён зьявіўся на брыфінгу СБУ. Спэцапэрацыя з інсцэнаваньнем забойства Бабчанкі выклікала крытыку міжнародных журналісцкіх арганізацыяў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG