Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін распавёў падрабязнасьці тэлефоннай размовы, якая адбылося паміж ім і прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнка 9 чэрвеня.
Адказваючы на пытаньні журналістаў у кітайскім горадзе Ціндао, Пуцін пацьвердзіў, што пытаньне абмену зьняволенымі і арыштаванымі ўздымалася падчас размовы. Ён паведаміў, што размова адбывалася па ініцыятыве Пятра Парашэнка.
Уладзімер Пуцін абмяркоўваў з Пятром Парашэнка выпадак расейскага журналіста Кірыла Вышынскага, кіраўніка «РИА Новости Украина». Яго затрымалі ва Ўкраіне і абвінавачваюць у дзяржаўнай здрадзе.
Уладзімер Пуцін сказаў, што пакуль ня хоча гаварыць пра абмен, «каб нічога тут не парушыць і не перашкодзіць».
Чакаецца, што ў бліжэйшыя дні ўпаўнаважаны Вярхоўнай Рады Ўкраіны па правах чалавека наведае ў Расеі палітвязьня Алега Сянцова, які трымае галадоўку, і іншых зьняволеных украінскіх грамадзян.