Лінкі ўнівэрсальнага доступу

G7 стварае «мэханізм хуткага рэагаваньня» на дзеяньні Расеі


Лідэры краін «Вялікай сямёркі» (G7) дамовіліся стварыць «мэханізм хуткага рэагаваньня» для процідзеяньня «варожай дзейнасьці» замежных дзяржаў — у першую чаргу Расеі, гаворыцца на сайце брытанскага ўраду.

Ініцыятарам пагадненьня выступіла прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй.

Згодна з дакумэнтам, з гэтага часу саюзьнікі ўзгоднена і імкліва будуць адказваць па цэлым спэктры агрэсіўных дзеяньняў, такіх як кібернэтычныя і хімічныя атакі.

«Гэты крок прымусіць варожыя дзяржавы публічна несьці адказнасьць за іх абуральныя паводзіны», сказана ў афіцыйнай заяве.

Выступаючы на саміце G7 ў канадзкім Квэбэку, прэм’ер-міністар нагадаў пра «безразважнае ўжываньне віруса-вымагальніка NotPetya» і замах на Сяргея і Юлію Скрыпалёў у Солсбэры. Віну за гэтыя падзеі Лёндан і шэраг яго саюзьнікаў ўскладаюць на Крэмль.

У рамках стваранага мэханізму мяркуецца задзейнічаць абмен разьведвальнай інфармацыяй, падтрымліваць незалежныя інстытуты, удасканальваць лічбавую інфраструктуру. Усё гэта, як сьцьвярджаецца, дапаможа даць «каардынаваны адказ на замежную агрэсію».

Спэцыяльна для стрымліваньня Масквы, якая спрабуе, па словах Мэй, «падарваць міжнародную сіытэму», брытанскі прэм’ер прапанавала прыняць дадатковыя меры, у тым ліку: спыніць патокі «брудных грошай» з Расеі, дамагчыся глябальнай забароны хімічнай зброі, а таксама цалкам выгнаць з заходніх краін і іх саюзьнікі расійскіх разьведчыкаў, якія раней ужо скампрамэтавалі сябе.

Напярэдадні, 8 чэрвеня, лідэры групы сямі найбольш разьвітых дэмакратычных краін сьвету прыйшлі да адзінага меркаваньня пра тое, што Расея ня можа быць вернутая ў «Вялікую сямёрку» да таго моманту, пакуль ня будзе дасягнуты «значны прагрэс» ва ўкраінскім канфлікце, які, паводле меркаваньня заходніх краін, спансіруецца і падаграваецца Масквой.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп раней выказаў меркаваньне, што Расея павінна вярнуцца ў «сямёрку», зь якой яна была выключана пасьля анэксіі Крыму ў 2014 годзе (тады арганізацыя называлася «Вялікай васьмёркай»).

У суботу Трамп пацьвердзіў, што лічыць магчымы ўдзел Расеі ў працы «сямёркі» «пазытыўным момантам», а фармат «васьмёркі» — больш «асэнсаваным». Ён таксама абвінаваціў адміністрацыю свайго папярэдніка Барака Абамы ў тым, што яна дазволіла Расеі анэксаваць Крым.

Трамп таксама — нягледзячы на рознагалосьсі з партнэрамі, у прыватнасьці, па пытаньні аб свабодзе гандлю — назваў саміт «сямёркі» ў Канадзе пасьпяховым.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG