Прэзыдэнты Ўкраіны і Расеі Пётар Парашэнка і Ўладзімір Пуцін правялі тэлефонную размову. У прыватнасьці, яны дамовіліся, што ў бліжэйшы час упаўнаважаныя па правах чалавека абедзьвюх краін наведаюць зьняволеных.
У паведамленьні, апублікаваным на сайце Крамля, ўдакладняецца, што размова адбылася на ініцыятыву ўкраінскага боку.
Паводле інфармацыі прэс-службы прэзыдэнта Ўкраіны, Парашэнка запатрабаваў хутчэйшага вызваленьня ўкраінскіх палітвязьняў з расейскіх турмаў і калёній. Ён зьвярнуў увагу на галадоўку, якую абвясьцілі некалькі грамадзян Украіны, і выказаў занепакоенасьць станам іх здароўя.
У сваю чаргу Пуцін зьвярнуў увагу на неабходнасьць неадкладнага вызваленьня расейскіх журналістаў, арыштаваных ва Ўкраіне.
Прэсавая служба Крамля адзначае, што прэзыдэнты абмеркавалі сытуацыю ў Данбасе з улікам прызначанай на 11 чэрвеня сустрэчы міністраў замежных спраў «нармандзкай чацьвёркі» (Нямеччыны, Расеі, Украіны і Францыі).