Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На рэстаўрацыю Гальшанскага і Крэўскага замкаў выдзелена 1 150 000 рублёў


 Гальшанскі замак
Гальшанскі замак

Адпаведнае распараджэньне рады прэзыдэнцкага фонду па падтрымцы культуры і мастацтва 31 траўня падпісаў кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка.

Сёлета пачнуцца працы па кансэрвацыі з рэстаўрацыяй паўночна-заходняй сьцяны Крэўскага замка ў Смаргонскім раёне і Паўночнай вежы Гальшанскага замка на Ашмяншчыне, паведамляе «Гродзенская праўда».

250 тысяч на Гальшанскі замак

На рэстаўрацыю вежы Гальшанскага замка выдзелена 250 тысяч рублёў, сказала начальнік упраўленьня культуры Гарадзенскага аблвыканкаму Алена Клімовіч.

«Праектам прадугледжана рэстаўрацыя муроўкі сьцен, уладкаваньне даху, унутранае аздабленьне вежы, усталяваньне сталярных вырабаў і ўладкаваньне дэманстрацыйных лесьвіц на другі паверх вежы», — сказала Алена Клімовіч.

Дзякуючы гэтаму будзе адноўлены істотны фрагмэнт Паўночнай вежы Гальшанскага замка. Тут зьявіцца музэйная экспазыцыя пра замак і знакамітыя беларускія дынастыі Гальшанскіх і Сапегаў. Таксама можна будзе ўбачыць археалягічныя знаходкі з замкавай тэрыторыі.

900 тысяч на Крэўскі замак

На рэстаўрацыю Крэўскага замка выдзелена амаль 900 тысяч рублёў. Плянуецца аднавіць участкі паўночна-заходняй сьцяны і збудаваць над гэтым фрагмэнтам дах, крыты дахоўкай.

Паводле Алены Клімовіч, паўночна-заходняя сьцяна Крэўскага замка даўжынёй каля 95 мэтраў на некаторых участках дасягае каля дзевяці мэтраў у вышыню.

Кансэрвацыя Крэўскага замка
Кансэрвацыя Крэўскага замка

«Тут захаваліся гнёзды ад бэлек баявой галерэі.Са зьнешняга боку сьцяны захавалася аўтэнтычная вонкавая бутавая муроўка, якая таксама будзе закансэрваваная», — сказала Алена Клімовіч.

У мінулым годзе ў Смаргонскім раёне завяршыўся першы этап кансэрвацыі Крэўскага замка.

Ці магчыма аднавіць замак у Крэве?

Сёлета ў траўні завяршыўся першы этап кансэрвацыі Крэўскага замка, дзе ў 1385 годзе была падпісана дынастычная унія паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Каронай Польскай. У плянах на 2018 год значылася таксама кансэрвацыя заходняй сьцяны, але грошай на гэтыя працы да сёньня не было.

Да кансэрвацыі гістарычны помнік літаральна рассыпаўся. Кансэрвацыя дае спадзеў, што калі-небудзь замак змогуць рэстаўраваць.

Княская вежа Крэўскага замка на пачатку кансэрвацыі
Княская вежа Крэўскага замка на пачатку кансэрвацыі

У 2016 годзе Крэўскі замак трапіў у сьпіс амаль трох дзясяткаў памятак даўніны, клопат пра захаванасьць якіх ускладаецца на Дзяржаўны бюджэт Рэспублікі Беларусь. Гэта прадпісвае пастанова Савету міністраў № 437.

Летась на яго кансэрвацыю з прэзыдэнцкага фонду падтрымкі культуры і мастацтва было выдзелена 50 тысяч даляраў.

Чаму разбураны Гальшанскі замак?

Рэстаўрацыя адной з рэзыдэнцый магнацкага роду Сапегаў у Гальшанах пачалася ў 2013 годзе. Аднак цягам трох гадоў візуальныя зьмены на пляцоўцы былі мала заўважныя.

Гальшанскі замак, здымак 2013 году
Гальшанскі замак, здымак 2013 году

Гальшанскі замак да 1525 году быў ва ўладаньні князёў Гальшанскіх. Пасьля шлюбу князёўны Алены з Паўлам Сапегам перайшоў да роду Сапегаў. Замак шмат разоў разбураўся і перабудоўваўся. Асаблівасьцю замка была ўнікальная сыстэма ацяпленьня і каналізацыі. Багацьця Сапегаў хапіла на штучныя азёры, дно якіх было выкладзена дарагой пліткай. Насупраць брамы, на супрацьлеглым баку падворку, была каплічка.

Сур’ёзныя разбурэньні замак зазнаў ужо ў найноўшай гісторыі. За савецкім часам у замку разьмяшчалася пчалярская вучэльня. На загад тагачаснага дырэктара вучэльні кожны вучань павінен быў здабыць 80 цаглін для будоўлі Дома культуры ў Гальшанах. За гэта давалі дадатковы водпуск — можна было заехаць дадому.

Усяго сёлета ў Беларусі на бюджэтныя сродкі плянуюць аднавіць 18 гісторыка-культурных помнікаў.

Якія замкі і палацы ў Беларусі будуць аднаўляць у 2018 годзе

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG