Спэцдакладчык па Беларусі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Андрэа Рыгоні ня здолеў наведаць Менск з заплянаваным візытам 6 чэрвеня.
«Паводле тых зьвестак, якія мы атрымалі з Парлямэнцкай асамблеі, спадар Рыгоні зламаў нагу. Праз гэта ён і адмяніў візыт», — паведаміў сёньня Свабодзе кіраўнік беларускай дэлегацыі ў супрацы з ПАРЭ Андрэй Навумовіч.
Паўнамоцтвы Андрэа Рыгоні павінны былі скончыцца ў канцы чэрвеня. А выбірацца спэцдакладчыкам па Беларусі яшчэ раз ён ня мог таму, што статут ПАРЭ забараняе аднаму і таму ж дэпутату займаць гэтую пасаду болей за два разы.
Да таго ж на апошніх парлямэнцкіх выбарах у Італіі Рыгоні ня выбралі дэпутатам нацыянальнага парлямэнту — абавязковая ўмова для працы ў ПАРЭ.
Рыгоні думае пра Беларусь. 5 клопатаў былога спэцдакладчыка ПАРЭ
Хто будзе новым спэцдакладчыкам па Беларусі ў ПАРЭ, пакуль невядома. Паводле неафіцыйнай інфармацыі з Парлямэнцкай асамблеі, сярод найбольш верагодных прэтэндэнтаў дэпутаты ад Нідэрляндаў, Нямеччыны і Польшчы.