Італьянскі палітык Андрэа Рыгоні больш за 10 гадоў быў спэцыяльным дакладчыкам па Беларусі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. Беларусь на пачатку 1990-х гадоў мела статус спэцыяльна запрошанага ў ПАРЭ, але пасьля роспуску Вярхоўнага Савету ў 1997 годзе страціла яго. Рыгоні імкнуўся наладзіць дыялёг асамблеі зь беларускімі ўладамі, якія гатовыя зь ім гутарыць і пасьля адстаўкі.
6 чэрвеня Менск меўся наведаць былы спэцдакладчык Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ) Андрэа Рыгоні. У яго былі заплянаваныя сустрэчы зь беларускімі высокапастаўленымі чыноўнікамі, падчас якіх меліся быць узьнятыя пытаньні палітычных стасункаў, адмены сьмяротнага пакараньня, гарантаваньня грамадзянскіх свабодаў.
Аднак, як сёньня паведамілі Свабодзе ў Палаце прадстаўнікоў, візыт Рыгоні не адбудзецца праз тое, што ён зламаў нагу. Верагоднасьць таго, што палітык прыедзе ў Беларусь бліжэйшым часам невялікая, бо ў канцы чэрвеня на сэсіі ПАРЭ сканчаецца ягоны мандат спэцдакладчыка па Беларусі.
Фактычна італьянскі палітык пакінуў пасаду яшчэ ў канцы красавіка — падставай стала невыбраньне яго ў парлямэнт Італіі. Адпаведна, ён ня мае магчымасьці браць удзел у працы ПАРЭ.
Сёлетні візыт Андрэа Рыгоні ў Беларусь мусіў быць разьвітальным. Падчас леташніх прыездаў ён неаднаразова агучваў дарожную карту, якая мусіць паспрыяць хутчэйшаму далучэньню Беларусі да эўрапейскай сям’і.
Наблізіць Беларусь да эўрапейскіх каштоўнасьцяў
Летась у лістападзе Андрэа Рыгоні падчас сустрэчы з намесьнікам старшыні Палаты прадстаўнікоў Баляславам Пірштуком заявіў, што з боку афіцыйнага Менску зробленыя пэўныя станоўчыя крокі.
«Крокі наперад робяцца ў працэсе размовы, абмену думкамі, дыскусій, — адзначаў Андрэа Рыгоні. — Бо калі сядзець дома і маўчаць, ніякіх крокаў зрабіць немагчыма ў прынцыпе. Мы, у сваю чаргу, бачым галоўнай задачай набліжэньне Беларусі да стандартаў і каштоўнасьцяў Рады Эўропы».
Пры гэтым адзначалася: нягледзячы на паляпшэньне палітычнага клімату, да сакавіка 2017 году па-ранейшаму складанай заставалася сытуацыя з правамі чалавека. Найперш меліся на ўвазе затрыманьні і арышты за так званыя «маршы недармаедаў» і на Дзень Волі.
Накласьці мараторый на сьмяротнае пакараньне
Адмена сьмяротнага пакараньня ў Беларусі — тое, чаго эўрапейская супольнасьць дамагаецца ад Беларусі ўжо не адзін год. Беларусь — адзіная эўрапейская краіна, дзе ўжываецца найвышэйшая мера пакараньня.
Андрэа Рыгоні перакананы, што мараторый на сьмяротнае пакараньне — пытаньне выключна палітычнай волі вышэйшага кіраўніцтва Беларусі.
«Мы яшчэ раз заклікаем беларускія ўлады далучыцца да эўрапейскай сям’і абаліцыяністаў, увёўшы ў тэрміновым парадку мараторый на сьмяротнае пакараньне, — заклікаў Андрэа Рыгоні. — Нішто ў Канстытуцыі або заканадаўстве Беларусі не перашкаджае прэзыдэнту Аляксандру Лукашэнку ці парлямэнту зрабіць гэты крок».
Як заяўляў Андрэа Рыгоні, барацьба за адмену «барбарскіх мэтадаў» скончыцца толькі тады, калі сьмяротнае пакараньне будзе скасаванае раз і назаўжды ва ўсіх кутках сьвету.
Апошняя заява Рыгоні пра Беларусь ад 30 траўня тычылася 2 сьмяротных пакараньняў у Беларусі.
Рэабілітаваць у правах беларускіх дэпутатаў
Ад сёлетняга студзеня Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы часткова рэабілітавала ў правах беларускіх дэпутатаў, якіх яны былі пазбаўленыя апошнія 20 гадоў. У прыватнасьці, яны могуць удзельнічаць у абмеркаваньні пытаньняў палітычнага камітэту ПАРЭ ў Страсбуры.
«Рашэньне прынятае з „выпрабавальным тэрмінам“ на два гады і пакуль у рамках палітычнага камітэту, — патлумачыў Андрэа Рыгоні. — Ранейшая практыка абмяжоўвалася запрашэньнем парлямэнтароў толькі ў тым выпадку, калі на парадку дня значылася пытаньне Беларусі. У двухбаковай супрацы давядзецца засяродзіцца перадусім на праблеме скасаваньня сьмяротнага пакараньня, а таксама на тэме абароны правоў чалавека і выбарчай праблематыцы».
У 1993 годзе Вярхоўны Савет Беларусі атрымаў статус спэцыяльна запрошанага ў ПАРЭ. Аднак ужо ў 1997-м беларускія парлямэнтары такой прывілеі былі пазбаўленыя — неўзабаве пасьля рэфэрэндуму, якім скасавалі Вярхоўны Савет. ПАРЭ не прызнае Палату прадстаўнікоў дэмакратычна абраным парлямэнтам, а выбары ў Беларусі — свабоднымі і справядлівымі.
Забясьпечыць свабоду асацыяцыяў і мірных сходаў
Падчас паседжаньня Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы ў Страсбуры год таму ў чэрвені была агучаная справаздача Андрэа Рыгоні і прынятая рэзалюцыя аб Беларусі.
ПАРЭ выказала шкадаваньне з прычыны адсутнасьці палітычнай волі Менску выканаць ранейшыя рэкамэндацыі аб прывядзеньні беларускага заканадаўства ў адпаведнасьць зь міжнароднымі стандартамі ў галіне дэмакратыі, вяршэнства закону і правоў чалавека.
«Неабходна працягваць палітыку адчыненых дзьвярэй, — сказаў Андрэа Рыгоні ў сваім выступе. — Вядома, мы будзем заставацца вернымі нашым каштоўнасьцям і нязьменнымі ў абароне правоў на свабоду сходаў, свабоду слова і свабоду рэгістрацыі палітычных партый. Мы хочам нарэшце ўбачыць мараторый на сьмяротнае пакараньне. Мы павінны старацца дамагчыся прагрэсу ў Беларусі. Мы павінны быць актыўнымі і ня можам проста абмежавацца асуджэньнем сытуацыі ў Беларусі».
Рэзалюцыя заклікала беларускія ўлады забясьпечыць свабоду асацыяцыяў і мірных сходаў, захаваньне свабоды слова і сродкаў масавай інфармацыі, сапраўдны палітычны плюралізм ды свабодныя і справядлівыя выбары, ды выказаць сапраўдную палітычную волю ў пытаньні сьмяротнага пакараньня, увёўшы мараторыю на выкананьне сьмяротных прысудаў.
Не дапусьціць зьяўленьня новых палітвязьняў
Спэцдакладчык Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Андрэа Рыгоні заклікаў беларускія ўлады заставацца засяроджанымі на дыялёгу з Парлямэнцкай Асамблеяй і не дапусьціць зьяўленьня новых палітвязьняў.
«Выкарыстаньне адміністрацыйных затрыманьняў і гвалту для запалохваньня апазыцыі выклікае трывогу і асаблівы непакой у час збліжэньня паміж Беларусьсю і нашай Асамблеяй, — падкрэсьліў Андрэа Рыгоні. — Трэба пазьбегнуць таго, каб людзі, затрыманыя да і падчас дэманстрацыяў, не зрабіліся палітычнымі вязьнямі. Саджаньне ў турму — ня самы лепшы спосаб абыходжаньня з крытыкай і іншадумствам, гэта толькі яшчэ болей аддаліць краіну ад эўрапейскіх стандартаў павагі свабоды словы, сходаў і правоў чалавека».
Андрэа Рыгоні ня ўтойвае зьдзіўленьня, калі беларускія ўлады аргумэнтуюць сілавыя разгоны тым, што такія «адміністрацыйныя захады» цалкам адпавядаюць дзейнаму заканадаўству.
Прызначаўся спэцдакладчыкам па Беларусі некалькі разоў, пачынаючы ад 2007 году. Упершыню ён наведаў Менск у 2009-м, а летась адбылася ягоная сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам.
Андрэа Рыгоні лічыцца «мяккім крытыкам» беларускіх уладаў і прыхільнікам паляпшэньня іміджу Беларусі ў Эўразьвязе. Ягоныя «памяркоўныя» даклады пра сытуацыю з правамі чалавека неаднаразова выклікалі крытыку з боку беларускіх праваабаронцаў і апазыцыянэраў.