Служба зьнешняй выведкі Ўкраіны заявіла, што ніколі не супрацоўнічала з Барысам Германам — падазраваным у арганізацыі замаху на расейскага журналіста Аркадзя Бабчанку.
«Грамадзянін Украіны Барыс Герман ня меў і ня мае ніякага дачыненьня да Службы зьнешняй выведкі Ўкраіны, гэты чалавек ніколі ня быў у кадравым складзе і агентурным апараце службы выведкі», — гаворыцца ў заяве, распаўсюджанай для сродкаў масавай інфармацыі.
Зьнешняя выведка таксама падкрэсьліла, што «знаходзіцца ў цеснай, кругласутачнай каардынацыі са Cлужбаю бясьпекі Ўкраіны ў пытаньнях абароны дзяржавы ад вонкавых пагроз».
Увечары 29 траўня зьявіліся паведамленьні, што ў Аркадзя Бабчанку стралялі на парозе ягонай кватэры ў Кіеве. Пазьней паліцыя заявіла, што Бабчанка памёр у карэце хуткай дапамогі.
30 траўня Служба бясьпекі Ўкраіны паведаміла, што Бабчанка жывы, а замах на забойства быў інсцэніроўкай, каб затрымаць арганізатара. Паводле СБУ, забойства Бабчанкі замовілі расейскія спэцслужбы, на заказ якіх на тэрыторыі Ўкраіны плянавалі зьнішчыць яшчэ 30 грамадзян Расеі.
Барыс Герман, затрыманы паводле падазрэньня ў арганізацыі замаху на жыцьцё Аркадзя Бабчанкі, на судовым паседжаньні 31 траўня заявіў, што сапраўды атрымаў з Расеі сьпіс з 30 чалавек, якіх хацелі зьнішчыць ва Ўкраіне, і які ён тэрмінова перадаў «у контравыведку». Ён аднак не назваў канкрэтную структуру, зь якой нібыта супрацоўнічаў.
Прадстаўнік абвінавачаньня заявіў, што на допыце Герман адмовіўся даваць паказаньні і нічога не казаў пра супрацоўніцтва з контравыведкай. Абвінаваўцы таксама дадалі, што Дэпартамэнт контравыведкі зьяўляецца структурным падразьдзяленьнем Службы бясьпекі Ўкраіны. У выніку суд арыштаваў падазраванага на два месяцы.