Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чытач Фядута: У маладосьці спрабаваў прачытаць хаця б па адной кніжцы нобэлеўскага ляўрэата — і зламаўся


Аляксандар Фядута
Аляксандар Фядута

У рубрыцы «Варта» на выходных мы публікуем адказы на анкету пра чытацкія звычкі беларусаў. 20 пытаньняў пра тое, як файна чытаць файную літаратуру. Сёньня на нашу чытацкую апытанку адказвае літаратуразнаўца Аляксандар Фядута.

Якія кнігі вы чытаеце цяпер?

Я ў тым узросьце, калі не чытаюць, а перачытваюць. Гэта, дарэчы, зьвязана і са сфэрай маіх навуковых інтарэсаў — гісторыя літаратуры і культуры. Таму менавіта перачытваю. Цяпер сябры падарылі першы том новага збору твораў майго любімага са студэнцкіх часоў аўтара — Віктара Шклоўскага. Там шмат з таго, што я чытаў і што было ў мяне ў бібліятэцы ў прыжыцьцёвых ягоных выданьнях, але і шмат — перадрукоўкі са старых і рэдкіх часопісаў, зь якімі я ня змог у свой час пазнаёміцца. Адкрываю Шклоўскага занава.

Чытаю таксама (менавіта чытаю, раней рукі не даходзілі) гатычны раман ангельскай пісьменьніцы Клары Рыў «Стары ангельскі барон»; для працы перачытваю кнігу вялікага польскага літаратуразнаўцы Станіслава Піганя «Pan Tadeusz. Wzrost, wielkość i sława», і публікацыі Міколы Хаўстовіча пра польска-беларускіх пісьменьнікаў дзевятнаццатага стагодзьдзя.

Якую выдатную кнігу вы прачыталі апошнім часам?

Віктар Шклоўскі, «Рэвалюцыя». Гэта геніяльна.

Што ўплывае на ваша рашэньне прачытаць кнігу: рэцэнзія, парада сяброў, атрыманьне прэміі кнігай, нешта іншае?

Выпадак. Часам вокладка. Часам прыналежнасьць да сэрыі. Часам тое, што жонка купіла ў кнігарні і ўжо дачытвае. Прэмія? Амаль ніколі. У раньняй маладосьці спрабаваў прачытаць хаця б па адной кніжцы нобэлеўскага ляўрэата. Зламаўся. Зразумеў, што ня варта. Ёсьць проста «не мае» кнігі.

Самая цікавая рэч, пра якую вы даведаліся з кнігі апошнім часам…

Мне сумна жыць: я ж перачытваю. У такіх выпадках сустракаесься з кнігай, як са старым прыяцелем — пра ўсё ўжо пагаварылі калісьці, так што сустрэча ператвараецца ў вечар успамінаў. Але вось прачытаў кнігу свайго сябра і калегі Ільлі Кукуліна «Машыны зашумелага часу (Як савецкі мантаж стаў мэтадам неафіцыйнай культуры)» — шмат што стала адкрыцьцём.

Не таму, што я пра гэта не чытаў раней, а хутчэй таму, што я раней пра гэта ня думаў.

Які клясычны раман вам давялося прачытаць апошнім часам упершыню?

Эн Радкліф, «Удольфскія таямніцы».

Якіх сучасных аўтараў — раманістаў, паэтаў, драматургаў, крытыкаў, журналістаў — вы цэніце і любіце больш за іншых?

Вы ставіце мяне ў надзвычай няёмкую сытуацыю. Многія з маіх сяброў не патрапяць у гэты сьпіс і могуць пакрыўдзіцца. Я б лепей не адказваў на гэтае пытаньне. Але з журналістамі прасьцей: Арцём Шрайбман, Арцём Гарбацэвіч, Дзьмітры Гурневіч — калі бачу іх подпіс унізе пад артыкулам, абавязкова чытаю.

«Я стаміўся ад палітыкі, хочацца проста жыць...»

Якая кніга апошнім часам давяла вас да сьмеху?

Як заўжды, «Шчасьлівы агмень» Яраслава Гашака. Колькі разоў перачытваю, столькі паміраю са сьмеху. Геніяльная рэч, якую павінен прачытаць кожны журналіст і літаратар.

А ці плакалі вы над нейкай кнігай апошнім часам?

Не. Апошні раз у1999 годзе, над «Смаленьнем вепрука» Міхася Стральцова. Супала па танальнасьці з маімі ўспамінамі пра маці.

Якая кніга вас раззлавала ці расчаравала?

Выданьне выбраных твораў Алеся Петрашкевіча ў «Беларускім кнігазборы». Сэрыя зь імем ня мае права публікаваць халтурна падрыхтаваныя кнігі. У дадзеным выпадку халтура ня яве. Друкаваць мэмуары практычна без камэнтараў — халтура. Друкаваць гістарычныя драмы без камэнтараў — тады многія чытачы так і застануцца перакананыя, што Скарына сустракаўся зь Лютарам і што гэта — не літаратурны вымысел. Выдаваць так кнігі — вышэйшая ступень непавагі да чытача.

Якія літаратурныя жанры вы не чытаеце?

Жаночыя раманы. Хаця, калі пісаў бы навуковую працу, прысьвечаную жанрам сучаснай літаратуры, давялося б чытаць і іх.

Як вы любіце чытаць — на паперы ці з электроннай чыталкі? Адну кнігу ці некалькі паралельна? Раніцай ці вечарам?

На паперы. Сябры, калі я жыў у Кіеве, падарылі рыдэр, запампаваўшы ў яго некалькі маіх любімцаў — Дыкенса і Галсуорсі. Усё роўна не атрымліваецца чытаць, нават у самалёт бяру папяровую кнігу.

Кнігі чытаю адначасова. Мова аўтара пакідае пэўны прысмак у цябе ў роце, і часам — напрыклад, пасьля Ляскова і Караткевіча — трэба чытаць сухую прозу Мэрымэ, каб адбіць гэты ўстойлівы, але даволі спэцыфічны прысмак. І наадварот — якраз пасьля Пушкіна ці Мэрымэ Ляскоў і Караткевіч асабліва смачныя.

Тыя кнігі, якія трэба для навуковай працы, чытаю ўдзень. Чытаю пры кампутары, чытаю ў мэтро. Тыя, якія хочацца прачытаць у сваё задавальненьне, ляжаць на тумбачцы пры ложку і час ад часу запыльваюцца, што страшэнна злуе маю жонку, у якой кнігі таксама ляжаць на тумбачцы пры ложку, але не запыльваюцца.

Вы ведаеце, дзе якая кніга ў вас стаіць або ляжыць? Як вы ўпарадкоўваеце свае кнігі?

Кнігі — як дзеці ў рознаўзроставай сям’і. Старэйшыя ведаюць сваё месца, а вось новенькія балуюцца. Часам жонка засьпявае мяне ў залі ляжачым на жываце каля «сэкцыі», у ніжніх тумбах якой таксама кнігі, і сувора пытаецца: «Што ты шукаеш?» — «Кнігу». Часам знаходжу. Часам патрэбная кніга хаваецца ад мяне па ўсіх шафах. Цяжка зь імі — калі ў цябе іх больш за цяць тысяч асобнікаў, да таго ж на пяці мовах. Але ніхто, акрамя мяне, іх ня знойдзе.

Нобэль для Беларусі

Якія кніжныя знаходкі на вашых паліцах маглі б моцна зьдзівіць вашых знаёмых?

Для гэтага трэба запусьціць іх у маю бібліятэку і спытаць, што яны чакаюць там знайсьці.

Які найлепшы кніжны падарунак вы атрымалі?

Шасьцітамовы біябібліяграфічны слоўнік «Беларускія пісьменьнікі» калісьці ад шырыні душэўнай падарыў мне Міхась Скобла. Быў падарунак ад Генадзя Карпенкі — факсымільнае выданьне акадэмічнага збору твораў Пушкіна. Цяпер гэтыя кнігі ў Ціхана Чарнякевіча. А самы доўгачаканы кніжны падарунак зрабіла мне мая жонка, выдаўшы да майго пяцідзесяцігодзьдзя кнігу маіх успамінаў пра Горадню, напісаную ў «амэрыканцы», — «Мой маленькі Парыж».

Ваш улюбёны кніжны герой/антыгерой або кніжная гераіня/антыгераіня?

У розны час — розныя. Да гэтага ненавіджу прафэсара Грацыянскага з раману Леаніда Лявонава «Рускі лес» — сустракаўся з падобнымі тыпажамі, будучы студэнтам, дый цяпер поўна людзей, якім прыносіць асалоду прыніжаць іншых, і хто робіць на гэтым кар’еру. А люблю Гервасія Выліваху: трэба мець неверагодную мужнасьць, каб згуляць са сьмерцю, — а тут яшчэ вясёлы і жыцьцярадасны чалавек патрапіўся.

Вы шмат чыталі ў дзяцінстве? Якія кніжкі зь дзяцінства засталіся ў вашай памяці назаўсёды?

«Востраў скарбаў», «Два капітаны», «Сабор Парыскай Божай маці».

Калі б вы маглі прымусіць прэзыдэнта Беларусі прачытаць нейкую кнігу, што гэта было б?

Я спрабаваў зрабіць гэта ў 1994 годзе. Робэрт Пэн Уорэн, «Уся каралеўская раць». Ён не прачытаў. Нічога не паробіш: Джэку Бёрдану не заўсёды ўдаецца змусіць Вілі Старка выконваць яго парады. Тады трэба сыходзіць. Што ўласна і адбылося вельмі хутка.

Каго з трох сучасных або памерлых пісьменьнікаў вы хацелі б запрасіць на прыватную літаратурную вечарыну?

Віктара Шклоўскага, Уільяма Шэксьпіра, Алеся Наварыча.

Каго б вы хацелі мець як свайго біёграфа?

Віктара Шклоўскага. Яго кнігі пра Льва Талстога і Сяргея Эйзэнштэйна будуць вечна.

Што вы перачытваеце?

На гэтае пытаньне я спрабаваў адказаць у папярэдніх дзевятнаццаці. Можна, я ня буду паўтарацца?

Што вы плянуеце прачытаць у бліжэйшым часе?

Калі жонка дачытае «Сабакаў Эўропы» Бахарэвіча, кніга дастанецца на расшкамутаньне мне.

Літанкета Свабоды: Аляксандар Фядута

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG