Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Курапатах затрымалі Вольгу Мікалайчык

абноўлена

Затрыманьне Вольгі Мікалайчык
Затрыманьне Вольгі Мікалайчык

Напрыканцы акцыі абаронцаў Курапатаў супраць адкрыцьця рэстарацыі «Поедем поедим»​ 31 траўня затрымалі актывістку Вольгу Мікалайчык, паведаміў карэспандэнт Свабоды.

Да абаронцаў Курапатаў пад’ехала машына без нумароў, адкуль выбеглі супрацоўнікі ў цывільным і выгукнулі «Савецкае РУУС». Вольгу Мікалайчык схапілі і пацягнулі ў машыну.

«На костках зрабілі кабак». Акцыя пратэсту супраць адкрыцьця рэстарацыі ў Курапатах

Да гэтага моманту іншыя пратэстоўцы разышліся, на месцы акцыі засталіся пакінутыя імі зьнічы і крыж.

Машына, на якой зьвезьлі Вольгу Мікалайчык, была без нумароў
Машына, на якой зьвезьлі Вольгу Мікалайчык, была без нумароў

Увечары 31 траўня насупраць будынку забаўляльнага цэнтру, раней вядомага як «Бульбаш-хол», дзе плянуецца адкрыцьцё рэстарацыі «Поедем поедим», адбылася акцыя абаронцаў Курапатаў. Вольга Мікалайчык была арганізатаркай гэтай акцыі.

У Менаблвыканкаме абаронцам Курапатаў паабяцалі, што 1 чэрвеня рэстарацыя не адкрыецца

30 траўня ў Менску абаронцы Курапатаў правялі тэрміновую нараду «ўсіх, гатовых спыніць новы „Бульбаш-хол“». Яны вызначылі плян дзеяньняў на бліжэйшыя дні. 1 чэрвеня актывісты зьбіраюцца пікетаваць новую рэстарацыю, а 3 чэрвеня ў Курапатах заплянаваны мэмарыяльны мітынг, прысьвечаны 30-годзьдзю адкрыцьця праўды пра ўрочышча пад Менскам, дзе ў 1930-х расстралялі і пахавалі сотні тысяч чалавек.​

У інтэрнэце на плятформе change.org ідзе збор подпісаў пад пэтыцыяй, якая мае назву «Музэй сталінскіх рэпрэсіяў, а не „​кабак“​!».

Як зьявіўся «Бульбаш-хол»

Будоўля забаўляльнага цэнтру ў Курапатах, вядомага як «Бульбаш-хол», пачалася ў 2012 годзе ў межах ахоўнай зоны. Пасьля зваротаў грамадзкасьці дзяржаўныя ўстановы выявілі парушэньні пры будаўніцтве, і яно было спыненае. Аднак у 2015 годзе Міністэрства культуры скараціла ахоўную зону Курапатаў са 120 да 50 мэтраў, і «Бульбаш-хол» трапіў у зону рэгуляванай забудовы, дзе будаваць можна з улікам функцыянальных патрабаваньняў. Пратэсты грамадзкасьці, звароты ў суд і пракуратуру плёну не далі.

Пазьней паведамлялася, што «Бульбаш-хол» зьмяніў назву на «Банкет-хол». Але рэстаранна-забаўляльны комплекс каля Курапатаў так і не адкрыўся.

Грамадзкасьць прапаноўвала дзяржаве выкупіць комплекс і перадаць яго на балянс Беларускага саюзу мастакоў «​дзеля творчай дзейнасьці ў інтарэсах Курапатаў». А таксама «сесьці за круглы стол з уладальнікамі гэтага аб’екту і падумаць, разабрацца, як гэта зрабіць, каб і бізнэс захаваць, і не парушаць маральных нормаў, якія там павінны быць захаваныя».​

16 лютага 2017 году грамадзкасьць пачала абарону Курапатаў супраць будаўніцтва ў іншым месцы бізнэс-цэнтру прыватным прадпрыемствам «Белрэканструкцыя». Будаўнічая пляцоўка разьмясьцілася за некалькі дзясяткаў мэтраў ад курапацкіх крыжоў, на плошчы, якая ўваходзіла ў ахоўную зону Курапатаў. Гэты кавалак зямлі Менгарвыканкам прадаў прадпрымальнікам, скараціўшы межы ахоўнай зоны ўрочышча.

Супрацьстаяньне будаўнікоў і грамадзкасьці доўжылася больш за месяц. Урэшце прадпрыемства «Белрэканструкцыя» адмовілася ад будаўніцтва. Але шмат каго з абаронцаў затрымалі, судзілі і аштрафавалі.

Больш за 16 гадоў таму моладзевыя актывісты выступілі супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз Курапаты. Кругласутачнае дзяжурства ва ўрочышчы доўжылася больш за восем месяцаў — ад 24 верасьня 2001 году да 3 чэрвеня 2002 году. Свабода штодня асьвятляла падзеі ва ўрочышчы, вынікам стала кніга аднаго рэпартажу «Дарога праз Курапаты».

Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледнікі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыла архівы. Беларусы лічацца трэцімі паводле колькасьці ахвяраў рэпрэсіяў у сталінскія часы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG