Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка паабяцаў павялічыць выдаткі на вайсковыя мэты 


Рэпетыцыя вайсковага параду
Рэпетыцыя вайсковага параду

Беларускае войска павінна эфэктыўна рэагаваць на сучасныя выклікі і пагрозы. Пра гэта заявіў Аляксандар Лукашэнка на нарадзе аб выніках праверкі Ўзброеных сілаў.

«У пераўзбраеньне арміі мы ўкладаем істотныя сродкі. Войска абсталёўваецца сучаснымі відамі баявой тэхнікі, адзеньнем і сродкамі кіраваньня. Беларусь не зьбіраецца ўцягвацца ў гонку ўзбраеньняў, пагатоў дарма бразгаць зброяй. Аднак ваенна-палітычная сытуацыя не дазваляе ў цяперашні час выбудоўваць іншыя прапорцыі фінансаваньня. І надалей на нашу бясьпеку будзем выдаткоўваць столькі, колькі трэба. Карміць трэба сваіх салдатаў», — заявіў Лукашэнка.

Ён таксама адзначыў, што ўкладзеныя ў войска грошы павінны даваць рэальны рост баявых магчымасьцяў і падвышаць абароназдольнасьць Беларусі.

«Недапушчальна, каб дарагая зброя выкарыстоўвалася не на ўсю сілу, а тым больш прыходзіла ў непрыдатнасьць празь непрафэсіяналізм асобных камандзіраў. Задача стаіць ня проста захаваць ці павялічыць вайсковы патэнцыял нашай арміі, але і рацыянальна яго ўжываць. Гаворка ня толькі пра вайсковыя выдаткі. Аднымі з ключавых элемэнтаў баяздольнасьці ёсьць гатоўнасьць да мабілізацыі і навучанасьці войскаў, асабліва афіцэраў. Бо без салдата, афіцэра, генэрала ніякая зброя ніякай арміі не дапаможа».

Колькі Беларусь выдаткоўвае на абарону і колькі суседзі

Аляксандар Лукашэнка ня стаў называць суму, якая ідзе на вайсковыя мэты. Аднак напачатку траўня Стакгольмскі інстытут праблемаў міру (SIPRI) апублікаваў даклад аб вайсковых выдатках краінаў сьвету .
Выглядае, што зь піку ў 650 млн даляраў на год у 2013–2015 гадах Беларусь зьменшыла выдаткі да 597 млн у 2016-м і 564 млн у 2017-м, але цяпер мае павялічыць іх да 631 млн даляраў.

Але гэта ўсё роўна меней, чым у суседняй Літвы, якая значна меншая тэрыторыяй і колькасьцю насельніцтва: у яе ў 2017 годзе на абарону выдаткавалі 773 млн даляраў (чакаецца 812 млрд сёлета).

Украіна летась патраціла на абарону 3,35 млрд даляраў (чакаецца 3,65 млрд), Польшча — 9,5 млрд даляраў (чакаецца 10 млрд). Румынія тым часам павялічыла вайсковыя выдаткі на 50%, да 4 млрд даляраў летась.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG