Сэнат (верхняя палата) парлямэнту Казахстану ўхваліў законапраект, які, у прыватнасьці, замацоўвае права за дзейным прэзыдэнтам Нурсултанам Назарбаевым пажыцьцёва ўзначальваць Савет бясьпекі Казахстану, перадае РІА «Новости».
У лютым міністар юстыцыі Марат Бекетаеў заяўляў журналістам, што заканадаўчае замацаваньне пажыцьцёвага права першага прэзыдэнта Казахстану Назарбаева ўзначальваць Савет бясьпекі выцякае з праведзенай у краіне канстытуцыйнай рэформы і зьяўляецца фактарам умацаваньня стабільнасьці краіны.
«Устанаўліваецца, што першаму прэзыдэнту Рэспублікі Казахстан — Елбасы ў сілу яго гістарычнай місіі пажыцьцёва належыць права ўзначальваць Савет бясьпекі ў якасьці старшыні», — гаворыцца ў заключэньні камітэту сэнату парлямэнту Казахстану па канстытуцыйным заканадаўстве, судовай сыстэме і праваахоўных органах.
Акрамя гэтага, законапраект надзяляе Савет бясьпекі статусам канстытуцыйнага органу, які каардынуе правядзеньне адзінай дзяржаўнай палітыкі ў сфэры гарантаваньня нацыянальнай бясьпекі для захаваньня ўнутрыпалітычнай стабільнасьці і абароны канстытуцыйнага ладу. Таксама новыя паўнамоцтвы Савету бясьпекі спатрэбіліся для захаваньня дзяржаўнай незалежнасьці, тэрытарыяльнай цэласнасьці і захаваньня нацыянальных інтарэсаў краіны на міжнароднай арэне.
Прапануецца, каб склад Савету бясьпекі фармаваў прэзыдэнт па ўзгадненьні са старшынёй Савета бясьпекі.
Законапраект накіравалі на подпіс прэзыдэнту Казахстану.
«Бацька» нацыі
Нурсултан Назарбаеў быў выбраны прэзыдэнтам яшчэ Казахскай ССР у красавіку 1990-га. З 16 сьнежня 1991 году — прэзыдэнт Рэспублікі Казахстан. У красавіку 2015-га на датэрміновых прэзыдэнцкіх выбарах Назарбаеў быў выбраны прэзыдэнтам ужо пяты раз (паводле афіцыйных зьвестак, за яго прагаласавалі 97,75% выбарнікаў).
У Назарбаева — афіцыйны тытул «Елбасы» (лідэр нацыі) з 2010 году. Паводле закону Елбасы ня можа быць затрыманы, арыштаваны, прыцягнуты да крымінальнай ці адміністрацыйнай адказнасьці за свае дзеяньні. За псаваньне выяваў першага прэзыдэнта — лідэра нацыі, публічныя абразы і скажэньне фактаў яго біяграфіі ўведзеная крымінальная адказнасьць.