Міжнародная арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў» выказала абурэньне ў сувязі з інсцэніроўкай забойства журналіста Аркадзя Бабчанкі. Пра гэта напісаў у твітэры кіраўнік арганізацыі Крыстоф Дэлуар.
Ён назваў тое, што адбылося, маніпуляцыяй украінскіх спэцслужбаў. Паводле кіраўніка «Рэпартэраў бязь межаў» , «вельмі небясьпечна, калі дзяржавы гуляюць з фактамі, тым больш выкарыстоўваючы журналістаў».
Увечары 29 траўня зьявіліся паведамленьні, што ў Аркадзя Бабчанку стралялі на парозе ягонай кватэры ў Кіеве. Пазьней паліцыя заявіла, што Бабчанка памёр у карэце хуткай дапамогі.
30 траўня Служба бясьпекі Ўкраіны паведаміла, што Бабачанка жывы, а замах на забойства быў інсцэніроўкай, каб затрымаць арганізатара. Паводле СБУ, забойства Бабчанкі замовілі расейскія спэцслужбы.