Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зноў з Прагі, зноў па-беларуску, зноў нечакана». Прэзэнтацыя кнігі Сяргея Абламейкі пра Скарыну ўжо сёньня


Вокладка кнігі «Нечаканы Скарына»
Вокладка кнігі «Нечаканы Скарына»

Сёньня ў Менску адбудзецца прэзэнтацыя новай кнігі бібліятэчнай сэрыі Радыё Свабода (жывая відэатрансьляцыя — на svaboda.org і ў сацыяльных сетках). Яе склалі аўтарскае эсэ Сяргея Абламейкі ў 25 частках «Нечаканы Скарына» і ягоныя інтэрвію зь вядомымі айчыннымі і замежнымі навукоўцамі, якія распавядаюць пра эпоху Скарыны і розныя аспэкты тагачаснага жыцьця.

Прэзэнтацыя адбудзецца 29 траўня а 18.30 у Літаратурным музэі Максіма Багдановіча (вул. Максіма Багдановіча 7а) у Менску. Уваход вольны.

Прапануем вашай увазе прадмову да кнігі дырэктара Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандра Лукашука.

Аляксандар Лукашук
Аляксандар Лукашук

«Сяргей Абламейка памыляецца, калі называе Скарыну нечаканым. І патрапляе, бо гэтае сьвята мае ўсё больш абліччаў. Чаканьне ператварае час у прастору і пракладае дарогу для будучыні. Яна будуецца з самага няўлоўнага і надзейнага матэрыялу ў сьвеце: цікаўнасьці і цярплівасьці, дасьведчанасьці і дасканаласьці, захапленьня і настойлівасьці.

Гэты працэс аднолькавы з расшчапленьнем атамнага ядра і ва ўсе часы спараджае выбух энэргіі: дастатковы, каб з Полацку патрапіць у Падую і там, у найлепшым тагачасным унівэрсытэце, атрымаць найвышэйшае прызнаньне вартасьці і стаць у адзін шэраг з сучасьнікамі — вялікімі гуманістамі; дастатковы, каб, пабачыўшы цуды антычнай спадчыны і эўрапейскага рэнэсансу, першым выдаць друкаваную кнігу на сваёй мове, у якой пазачасавай каштоўнасьцю абвясьціць любоў да месца, дзе нарадзіўся; дастатковы, каб ланцуговая рэакцыя праз стагодзьдзі стварыла народ, краіну, дзяржаву, дзе яго чын будзе адзначацца як агульнае сьвята.

А што можа быць лепшым падарункам на такое сьвята, як ня кніга — зноў з Прагі, зноў па-беларуску, зноў нечакана.

Хоць не — прыходзяць туды, дзе чакаюць».

«Нечаканы Скарына» Сяргея Абламейкі — чарговая кніга «Бібліятэкі Свабоды.

Сяргей Абламейка
Сяргей Абламейка

Кніга складаецца з культуралягічнага эсэ ў 25 частках і аўтарскіх інтэрвію зь беларускімі і замежнымі навукоўцамі пра новыя знаходкі ў скарыназнаўстве.

Замовіць кнігу можна ТУТ.

Водгукі першых чытачоў кнігі:

Вячаслаў Ракіцкі: Сяргей Абламейка захапляльна адкрывае асобу Скарыны

«Сьвята, якое заўжды зь Беларусьсю». Уладзімер Арлоў пра кнігу «Нечаканы Скарына»

«Веліч і драматызм Скарыны». Эдвард Зайкоўскі пра кнігу «Нечаканы Скарына»

Алесь Аркуш: «„Нечаканага Скарыну“ варта прэзэнтаваць у Полацку»

Ірына Дубянецкая: «Кніга Абламейкі пацьвярджае, што Скарына быў пачынальнікам беларускай інтэлектуальнай традыцыі»

Сьвятлана Куль-Сяльверстава: «Кніга Абламейкі „топіць бронзу“ на постаці першадрукара, робячы яго жывой асобай беларускага сусьвету»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG