Расейская акторка Чулпан Хаматава выказала словы падтрымкі на адрас мастацкага кіраўніка маскоўскага тэатру «Гогаль-цэнтар» Кірыла Сярэбранікава і ўкраінскага рэжысэра Алега Сянцова.
Выступаючы на адкрыцьці Х міжнароднага кінафэстывалю «Ад усёй душы» ў расейскім горадзе Ульянаўску, Хаматава назвала абвінавачваньні супраць рэжысэраў сфальшаванымі. Яна пажадала Сярэбранікаву і Сянцову хутчэй апынуцца на волі. Гэтыя словы яна прамовіла адразу пасьля таго, як ёй быў уручаны прыз фэстывалю «За гонар і годнасmць».
Актор тэатру і кіно Веніямін Сьмехаў, які выступіў у завяршэньне вечару, падтрымаў Хаматаву. Ён нагадаў, што працаваў з Сярэбранікавым.
Украінскі рэжысэр Алег Сянцоў і актывіст Аляксандр Кольчанка былі арыштаваныя ў анэксаваным Расеяй Крыме ў траўні 2014 году і асуджаныя паводле абвінавачваньняў у падрыхтоўцы тэрактаў — Сянцоў да 20, Кольчанка да 10 гадоў пазбаўленьня волі. Сянцоў і Кольчанка адпрэчваюць абвінавачваньні. 14 траўня Сянцоў абвясьціў бестэрміновую галадоўку. Ён патрабуе вызваленьня ўсіх украінскіх палітвязьняў з расейскіх турмаў.
Мастацкі кіраўнік «Гогаль-цэнтру» Кірыл Сярэбранікаў быў затрыманы ў Маскве ў канцы жніўня 2017 году. Яго вінавацяць у крадзяжы 130 мільёнаў рублёў, выдзеленых для тэатральнай трупы «Сёмая студыя». Па гэтай справе таксама праходзяць былы дырэктар «Гогаль-цэнтру» Аляксей Малабродзкі, дырэктар «Сёмай студыі» Юрый Іцін, прадусарка Кацярына Воранава і былая бухгальтарка Ніна Масьляева. Усе, акрамя Масьляевай, сваёй віны не прызнаюць.