На Чарнігаўшчыне на мяжы зь Беларусьсю 4 грамадзянам Расеі адмовілі ва ўезьдзе ва Ўкраіну.
Як паведамляе прэс-служба ўкраінскіх памежнікаў, расейцы ва ўзросьце ад 21 да 28 гадоў перасякалі мяжу ў пункце пропуску «Новыя Ярылавічы» аўтамабілем «Форд».
«Мужчыны не маглі выразна паведаміць мэту свайго падарожжа ва Ўкраіну і ня мелі пацьвярджальных дакумэнтаў, таксама памежнікі высьветлілі, што яны належаць да «ультрас» расейскага ФК «Торпедо», — гаворыцца ў паведамленьні.
Памежнікі заяўляюць, што пры аглядзе ў расейцаў выявілі сымболіку з «агрэсіўнымі элемэнтамі выяваў фанатаў-ультрас футбольнага клюбу».
26 траўня на стадыёне «Алімпійскі» ў Кіеве адбудзецца фінал Лігі чэмпіёнаў, у якім згуляюць гішпанскі «Рэал» і ангельскі «Лівэрпуль». У Кіеве ўзмоцненыя захады бясьпекі.