Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спэцзаданьне для туркмэнскай паліцыі: выявіць тых, хто падціраюцца партрэтамі прэзыдэнта


У мястэчку Гумдаг у Бальканскім вілаяце Туркмэністану, участковыя інспэктары пачалі шукаць тых, хто замест туалетнай паперы выкарыстоўвае ў прыбіральні газэты з партрэтамі кіраўніка дзяржавы Гурбангулы Бердымухамедава. Такі загад праваахоўнікі атрымалі ад кіраўніцтва ўнутраных справаў, паведамляе сайт «Альтэрнатыўныя навіны Туркмэністану».

Туркмэнская служба Радыё Свабода — Радыё Азатлык — ужо паведамляла пра выпадкі, калі мясцовых жыхароў у Дашагускай вобласьці папярэджвалі аб тым, каб яны не выкарыстоўвалі газэты з фота прэзыдэнта краіны ў якасьці прыбіральнай паперы.

У сакавіку, пасьля таго, як у дырэктара адной са школ у Дашагускай вобласьці ў прыбіральні былі выяўленыя газэты з фотаздымкамі прэзыдэнта, ён быў адхілены ад пасады. Пасьля ўлады сталі ажыцьцяўляць стыхійныя праверкі ў жылых дамах, на прадмет выяўленьня ў прыбіральнях газэт з фотаздымкам кіраўніка дзяржавы.

«Дырэктара школы звольнілі з фармулёўкай „ня справіўся з паўнамоцтвамі“. Пасьля гэтага службы бясьпекі пачалі без папярэджаньня наведваць дамы супрацоўнікаў бюджэтных установаў і правяраць іх прыбіральні. У выпадку выяўленьня там газэт з фотаздымкамі прэзыдэнта, у дачыненьні да жыхароў робяцца захады. Мне вядомыя як найменш 10 выпадкаў звальненьня дзяржслужачых з гэтай прычыны», — распавяла адна з крыніц Азатлыку ў Дашагузе.

Таксама раённыя адукацыйныя ўстановы пачалі патрабаваць у настаўнікаў зьбіраць выцінкі з газэт з фотаздымкамі прэзыдэнта Бердымухамедава і ўклейваць іх у спэцыяльны альбом. Улады папярэдзілі, што альбомы будуць правярацца ў канцы году.

Рэгіянальныя чыноўнікі адмовіліся ад камэнтароў для радыё.

Фота прэзыдэнта Гурбангулы Бердымухамедава займаюць асноўную частку публікацыяў усіх друкаваных выданьняў краіны.

Участковыя абыходзяць прыбіральні прыватных падворкаў у пошуках парушальнікаў, якім на першы раз вынесуць папярэджаньне. Папярэджаньняў, паводле дадзеных крыніцы выданьня, выносіцца шмат, бо праз эканамічны крызіс туркмэны не марнуюць грошы на туалетную паперу, а практычна ў кожнай сям’і ёсьць нехта, каго на месцы працы ці вучобы прымушаюць падпісвацца на адно або некалькі друкаваных выданьняў.

Запэцканыя фота прэзыдэнта ўчастковым прадпісана таксама шукаць на звалках сярод бытавога сьмецьця ўнутры жылых кварталаў мястэчка з насельніцтвам каля 20 тысяч чалавек. За кожнай звалкай замацаваныя пэрсанальныя наглядчыкі, якія абавязаныя інспэктаваць сьмецьце, шукаць сапсаваныя фота ў газэтах, выяўляць дом і кватэру паводле пазначанага на выданьні нумару дома падпісчыка і дакладаць у органы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG