Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяць пытаньняў і адказаў пра «Менскі дыялёг», на якім мае выступіць Лукашэнка


Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей выступае на форуме «Менскі дыялёг». Менск, 19 траўня 2017 году
Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей выступае на форуме «Менскі дыялёг». Менск, 19 траўня 2017 году

Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей 23 траўня адкрые трохдзённы міжнародны форум «Менскі дыялёг». А на наступны дзень перад 350 экспэртамі больш як з 40 краін сьвету плянуецца выступ Аляксандра Лукашэнкі.

Што такое «Менскі дыялёг»

«Менскі дыялёг» — гэта няўрадавая экспэртная ініцыятыва, якая пачала сваю працу ў 2014 годзе. Яе ідэя ўзьнікла ў той час, калі ў Менску пачаліся перамовы пра ўкраінскі крызіс. Як сказаў кіраўнік плятформы Яўген Прэйгерман, тыя перамовы паказалі, што экспэрты менш залежаць ад сваіх урадаў, а ўдзел у такіх форумах дае малым дзяржавам, да якіх адносіцца і Беларусь, магчымасьць больш выразна заяўляць пра сябе на міжнароднай арэне.

Яўген Прэйгерман
Яўген Прэйгерман

Прэйгерман вядомы як стваральнік «Лібэральнага клюбу» — дыскусійна-аналітычнай пляцоўкі Беларусі, якая арганізоўвала круглыя сталы, дыялёгі з удзелам як незалежных, гэтак і праўрадавых экспэртаў, рыхтавала дасьледаваньні ў галінах эканомікі, грамадзкага жыцьця, права, культуры.

Што Лукашэнка будзе рабіць на форуме, зладжаным недзяржаўнай арганізацыяй

Пра ўдзел кіраўніка Беларусі ў «Менскім дыялёгу» паведамілі арганізатары форуму. Гэтую інфармацыю распаўсюдзілі і дзяржаўныя мэдыя.

Аляксандар Лукашэнка мае выступаць на пленарнай сэсіі «Як зрабіць Усходнюю Эўропу рэгіёнам супрацы, а не канфрантацыі?».

У ёй таксама заплянаваны ўдзел генэральнага сакратара АБСЭ Томаса Грэмінгера, намесьніка памочніка генэральнага сакратара NATO па палітычных пытаньнях і палітыцы бясьпекі Джэймса Апатурая, былога генсакратара АДКБ Мікалая Бардзюжы, гендырэктара Рады дзяржаў Балтыйскага мора Майры Моры і былой старшыні Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Крысьцін Мутанен.

У гэтым сьпісе палітолягі найперш зьвяртаюць увагу на Джэймса Апатурая: чыноўнік з NATO такога высокага рангу не прыяжджаў у Беларусь вельмі даўно.

Што закідаюць форуму крытыкі

Крытыкі «Менскага дыялёгу» сьцьвярджаюць, што «Менскі дыялёг» як плятформа «арганізуецца пры дапамозе Міністэрства замежных спраў Беларусі».

Павал Вусаў
Павал Вусаў

«Мы ж ведаем, што адзін з галоўных арганізатараў форуму Яўген Прэйгерман актыўна супрацоўнічае і зь міністэрствам, і непасрэдна з самім міністрам Макеем. Таму можна лічыць, што гэта афіцыйна арганізаванае мерапрыемства. Наколькі я ведаю, ніхто з апазыцыянэраў ці незалежных аналітыкаў на форум не запрошаныя. І гэта таксама паказальна», — сказаў у інтэрвію Свабодзе кіраўнік Цэнтру палітычнага аналізу і прагнозаў (Варшава) Павал Вусаў.

Паводле яго, «Менскі дыялёг» цалкам укладаецца ў ідэю МЗС Беларусі, сутнасьць якой — афіцыйны Менск хоча замацаваць за сабою вялікі міжнародны працэс, які атрымаў гучную назву «Хэльсынкі-2».

Што адказваюць арганізатары

«Я не жыву ў чорна-белым сьвеце. У мяне ёсьць разуменьне таго, што зьяўляецца інтарэсамі Беларусі, і калі гэта супадае з пазыцыяй беларускага МЗС — гэта ня ёсьць нейкім індыкатарам таго, што я ці Дзяніс Мельянцоў у нечым сталі менш незалежнымі. Калі я скажу тое, што думаю, і гэтаксама думае МЗС — гэта азначае, што ў нас фармуецца экспэртна-дыпляматычны кансэнсус», — сказаў Яўген Прэйгерман у інтэрвію Свабодзе.

Ён дадаў, што «Менскі дыялёг» — пляцоўка прафэсійная, а не партыйная, таму да ўдзелу ў форуме не запрашаюць прадстаўнікоў партый — «ня толькі апазыцыйных, а праўладных таксама».

Пры гэтым у мерапрыемстве заплянаваны ўдзел міністра замежных спраў Беларусі Ўладзімера Макея, а таксама прадстаўнікоў міністэрстваў эканомікі і абароны Беларусі.

Пра што будуць гаварыць на форуме

Ілюстрацыйнае фота. Падчас форуму «Менскі дыялёг» 2017 году
Ілюстрацыйнае фота. Падчас форуму «Менскі дыялёг» 2017 году

​Арганізатары форуму заявілі для абмеркаваньня 23 траўня сытуацыю ва Ўсходняй Эўропе праз прызму «новага сусьветнага парадку, які зьмяняецца».

Яны лічаць, што сыстэма міжнародных дачыненьняў стаіць перад «самымі драматычнымі выклікамі за апошнія дзесяцігодзьдзі».

Мадэратарам дыскусіі па гэтай праблематыцы будзе палітоляг Ёван Ковачыч з Сэрбіі. А выступаць зьбіраюцца дарадца Ўладзімера Пуціна Сяргей Глазьеў, былы міністар замежных спраў Фінляндыі Эркі Туаміоя, дырэктар у палітычных пытаньнях Рады Эўропы Аляксандар Гэсэль ды іншыя.

Якія яшчэ тэмы будуць абмяркоўваць на «Менскім дыялёгу»? Сярод іх, у прыватнасьці:

  • «Уплыў санкцыйнай вайны паміж Расеяй і Захадам на рэгіён Усходняй Эўропы».
  • «Пашыраная перадавая прысутнасьць NATO: значэньне для Ўсходняй Эўропы».
  • «Зьнешняя палітыка Беларусі ў рэгіянальным кантэксьце»
  • «10 гадоў „Усходняму партнэрству“: выпрацоўваем больш стратэгічны падыход разам».

У форуме, які працягнецца да 25 траўня, возьмуць удзел дзясяткі экспэрты з краін Эўразьвязу, Усходняй Эўропы, Расеі, Злучаных Штатаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG